Як паведамляе тэлеканал CNN Turk са спасылкай на агенцтва DHA, бесьпілётнік упаў у раёне горада Маньяс на поўдзень ад Мармуровага мора. Мяркуючы па фота і відэа, гаворка ідзе пра расейскі разьведвальны дрон «Мерлин-ВР», хоць афіцыйна яго прыналежнасьць турэцкімі ўладамі пакуль не пацьверджана.
Інцыдэнт адбыўся 10 сьнежня, але вядома пра яго стала толькі зараз, піша партал Hürriyet. Мясцовыя жыхары заўважылі нешта на пшанічным полі, пачалі пошукі, знайшлі бесьпілётнік з раскрытым парашутам. На месца прыбылі падразьдзяленьні жандармерыі, уключаючы сапёраў і кінолягаў. Пасьля першаснага агляду дрон пагрузілі ў ваенную машыну і накіравалі ў Анкару для дэталёвай экспэртызы, адзначае газэта.
Па словах старасты вёскі, на апараце не было ніякіх надпісаў, сьцягоў ці апазнавальных знакаў, піша Hürriyet.
Напярэдадні, 19 сьнежня, стала вядома, што расейскі разьведвальны бесьпілётнік «Арлан-10» упаў у правінцыі Коджаэлі, недалёка ад Стамбула, а 15 сьнежня Мінабароны Турэччыны паведаміла, што турэцкія вайскоўцы зьбілі дрон над Чорным морам, які выйшаў з-пад кантролю.