«Няма ніякіх „зьехаўшых“ і „застаўшыхся“. Вялікая размова з Сашам Чарнухам пра беларусаў, іх музыку і ўжо напісаную трэцюю кнігу

Саша Чарнуха, фота Kanaplev+Leidik

У размове з Свабодай кіраўнік і стваральнік «Міністэрства Сэпультуры» расказвае, якую музыку слухаў у 2025 годзе, чаму не ўвайшоў у літаратурную тусоўку, нягледзячы на посьпех сваіх першых дзьвюх кніг, і чаго чакае ад новага 2026-га.

Саша Чарнуха надалей жыве ў Варшаве, куды трапіў пасьля ад’езду зь Беларусі. Кажа, што пакуль не плянуе пераезду. Займаецца сваімі праектамі, нават празь пяць гадоў пасьля пачатку эміграцыі не перайшоў да заняткаў чымсьці іншым. Кажа, што дагэтуль ня выгараў і не стаміўся.

«Мне падабаецца беларуская музыка, мне падабаецца тое, чым я займаюся, — кажа Саша. — І я ўвесь час атрымліваю фідбэк на сваю працу. Гэта тое, што мяне падтрымлівае. Утрымлівае ад выгараньня. Бывае стома, хочацца ўсё кінуць. Але пасьля прыяжджаеш на нейкую сустрэчу, прэзэнтацыю, падыходзяць людзі і кажуць, што дзякуючы мне пра нешта даведаліся, прыйшлі на канцэрт. Я адчуваю, што дапамог некаму».

Замежныя канцэрты для беларусаў унутры краіны

У 2025 Саша Чарнуха запусьціў новы праект — «Сэпультура Alive». Гэта сэрыя онлайн-выступаў беларускіх музыкаў, канцэрты дасяжныя усім, ахвочыя могуць падтрымаць музыкаў і сьпевакоў ахвяраваньнямі. Сам Саша кажа, што арганізоўваць падобныя выступы пачаў яшчэ падчас пандэміі ў 2020 годзе.

Саша Чарнуха, фота Kanaplev+Leidik

«Тады, праўда, была крыху іншая спэцыфіка, — расказвае Чарнуха. — Я працаваў у буйным мэдыя і на яго базе мы рабілі канцэрты. Зусім іншая гісторыя. Усе гурты былі ў Беларусі, падтрымлівалі сувязь з сваёй аўдыторыяй. Зараз сытуацыя іншая. Шмат хто ў выгнаньні, у эміграцыі. Яны трацяць сувязь з сваёй аўдыторыяй у Беларусі. А людзі там страцілі магчымасьць хадзіць на канцэрты. Сытуацыя зусім сумная, выйсьця няма. Але, мне здаецца, яно ў гэтых онлайн-канцэртах. Менавіта онлайн, а не запісаных. Да якіх людзі рыхтуюцца, дзеля якіх зьбіраюцца».

Пакуль у праекту «Сэпультура Alive» два праведзеныя онлайн-канцэрты. Першымі быў дуэт NaviBand, пасьля выступіў гурт «Разьбітае сэрца пацана» (РСП). Трэці канцэрт ужо анансаваны, гледачоў чакае гурт «Бяз Назвы». З словах Сашы Чарнухі, большая частка аўдыторыі «Сэпультуры Alive» глядзіць гэтыя выступы зь Беларусі.

«Людзі зьбіраюцца зь сябрамі вакол тэлевізараў і глядзяць удзесяцёх гэта ўсё, — расказвае Чарнуха. — Беларусь у праглядах на першым месцы. Такой і была нашая задача. Каб нашая эмігранцкая супольнасьць дала магчымасьць людзям унутры Беларусі схадзіць на канцэрт любімага гурту. Праект безь фінансаваньня. Усё, што мы робім, мы робім на сваю рызыку. Выдаткі вялікія, бюджэты адчувальныя. Таму мы прапануем купляць сымбалічныя квіткі на імпрэзу. Каб маглі і мы працаваць, і музыканты нешта зарабіць. У іх ня так шмат магчымасьцяў зарабіць музыкай у эміграцыі».

Саша Чарнуха, фота Kanaplev+Leidik

Чарнуха гаворыць, што хацеў бы зрабіць выступы ў межах праекту «Сэпультура Alive» рэгулярнымі. Дадае, што кожны такі выступ вельмі складана арганізаваць на патрэбным узроўні якасьці. Кожны выступ здымаюць на чатыры камэры у жывым рэжыме, працуе асобная каманда, у якую уваходзіць гукарэжысэр. Адным з самых складаных момантаў нечакана стаў выбар пляцоўкі з стабільным інтэрнэтам, што крытычна важна для «Сэпультуры Alive». У Польшчы ўласьнікі заляў часта абмяжоўваюцца мабільнымі варыянтамі або прапановай ад кампаніі Starlink, чаго зусім недастаткова для якасных онлайн-трансьляцыяў.

«Пра наступных гасьцей расказваць ня буду, гэта заўсёды сюрпрыз, — кажа Саша. — Вядзем перамовы з музыкамі. Размаўляць зь імі проста. Мяне людзі ведаюць. Ведаюць, што я не люблю рабіць нешта няякаснае. Для музыкаў жа гэта таксама магчымасьць паразмаўляць з сваёй аўдыторыяй. Няма такога, што нехта ня хоча. Хтосьці асьцярожна глядзіць. Гэта таксама цалкам зразумелая пазыцыя. Але з кожным можна дамовіцца, за выняткам нейкіх супэрзорак, якія каштуюць шмат грошай. Зь імі я не спрабую размаўляць. З тымі, хто ў Беларусі, таксама. Для іх гэта можа быць небясьпечна».

Абноўленае «Міністэрства»

Пад супэрзоркамі Саша Чарнуха мае на ўвазе такіх артыстаў, як Макс Корж, Molchat Doma. Іншы яго праект, прысьвечаны беларускай музыцы, «Міністэрства Сэпультуры», таксама працягне выходзіць. Чарнуха кажа, што 2025 год быў ня самым складаным для «Міністэрства». Частку году было фінансаваньне, відэа зьяўляліся рэгулярна.

Саша Чарнуха, фота Kanaplev+Leidik

«Зараз фінансаваньне скончылася, праект вярнуўся ў рэжым „два відэа на месяц“, — расказвае Саша. — Але гэта таксама дазваляе рабіць вялікія выпускі, якія патрабуюць больш часу. Як, напрыклад, фільм пра N.R.M. Людзям цікавыя такія фарматы. Упершыню абодва бакі выказалі сваё бачаньне таго, што адбывалася пры сыходзе Лявона Вольскага з праекту. Мне здаецца гэта важным. Калі відэа выходзілі раз на тыдзень, то часу для больш складаных і вялікіх фарматаў не было».

З словаў кіраўніка «Міністэрства Сэпультуры», у 2026 годзе яно крыху зьменіцца. Калі раней Саша часта рабіў выпускі пра мінулыя часы і гісторыю гуртоў, то зараз ён зьбіраецца больш увагі надаваць тым, хто грае тут і цяпер.

«Ёсьць шмат музыкаў, якія не заўсёды могуць трапіць да новай аўдыторыі праз альгарытмы сацыяльных сетак, — расказвае Чарнуха. — Празь нейкую інфармацыйную блакаду. Праз тое, што у Беларусі зараз шмат расейскіх сэрвісаў, якія проста забруджваюць эфір. Асноўная аўдыторыя „Міністэрства Сэпультуры“ таксама ў Беларусі. Паводле статыстыкі, на першым месцы Менск, на другім Горадня, затым Берасьце ці Віцебск, а на чацьвёртым Барысаў. Мой родны горад мяне падтрымлівае. Варшава толькі на пятым месцы. Мне хацелася б паказваць беларусам сваю актуальную беларускую музыку».

Кнігі як спроба паразмаўляць зь людзьмі

Акрамя музычных праектаў, у 2025 годзе Саша Чарнуха актыўна займаўся прамоцыяй сваёй літаратурнай дзейнасьці. Пасьля пасьпяховых «Сьвіньняў» выйшла кніга «Гвалт». За год Чарнуха правёў каля 30 прэзэнтацыяў новага выданьня ў 12 розных краінах, зьезьдзіў у тур па ЗША і Эўропе.

«Я пішу кнігі не для таго, каб удзельнічаць у нейкай беларускай літаратурнай тусоўцы і быць яе часткай, — кажа Саша. — Я пішу кнігі, каб размаўляць зь людзьмі. Для мяне гэта самае галоўнае. Проста размова, нейкі дыялёг. Бачу на прэзэнтацыях і ўсьмешкі, і сьлёзы. Людзям важна размаўляць, мне здаецца, што гэта галоўны посьпех „Гвалту“. Нягледзячы на тое, што кніга ў беларускім літаратурным сьвеце прайшла амаль незаўважнай. Яна была заўважнай сярод чытачоў, засталася толькі пятая частка накладу».

Саша Чарнуха, фота Kanaplev+Leidik

Чарнуха дадае, што на папулярнасьць ягоных кніг паўплывала і яго вядомасьць як папулярызатара беларускай музыкі. Зь яго словаў, калі на прэзэнтацыі «Сьвіньняў» прыходзіла шмат сяброў і знаёмых, то на сустрэчах з чытачамі «Гвалту» сяброў ён ужо амаль не бачыў. Там зьявілася новая для яго публіка, якую цікавіла менавіта творчасьць, а ня простае жаданьне падтрымаць сябра.

Ці будзе трэцяя кніга? Саша прызнаецца, што яна ўжо напісаная. Аднак яе публікацыя залежыць ня толькі ад яго.

«Вялікі анонс я пакуль не гатовы зрабіць, — прызнаецца Саша. — Яна будзе вельмі моцна адрозьнівацца ад дзьвюх папярэдніх. Маю спадзеў, што ў 2026 годзе яна зьявіцца і людзі змогуць яе пачытаць. Але пра тэрміны пакуль не магу сказаць, ня ўсё ад мяне залежыць».

Molchat Doma, «Союз» і Разалія

Што з музыкі слухаў сам Чарнуха ў 2025-м? Ён кажа, што асабліва яго ўразіў новы беларускамоўны альбом гурту «Союз».

«Беларуская мова ідэальна лягла на іх выкшталцоную пяшчотную музыку з бразыльскім адценьнем, гэта крута, — кажа Чарнуха. — Зараз, наколькі я ведаю, гэты гурт гучыць на папулярных амэрыканскіх радыёстанцыях. Супэркрута, што і там гучыць беларуская мова. Гэта вельмі важна. І якасьць гэтага матэрыялу надзвычайная».

Саша Чарнуха, фота Kanaplev+Leidik

Наступным Саша называе апошні альбом гурту NaviBand, дзе адчуваецца традыцыя беларускай народнай музыкі і вайб беларускай музыкі 80-х гадоў.

«Мне таксама падабаецца, як працуе гурт „Сындром Самазванца“, яны сёлета выпусьцілі новы альбом, — працягвае Чарнуха. — Цудоўны працяг іхнай дыскаграфіі. Гурт мае будучыню. Я быў таксама на канцэрце Molchat Doma у Флёрыдзе — гэта было захапляльнае відовішча. Sold out, дзе не прапхнуцца. І гэта не эмігранцкая супольнасьць беларуская, а сапраўды амэрыканцы, якія ходзяць на беларускі гурт. Падтрымліваюць яго, сьпяваюць разам з ім. Чуюць ад музыкаў, што яны зь Беларусі, зь Менску. Гэта таксама супэрпосьпех беларускай музыкі. Сусьветны посьпех».

З сусьветнай музыкі, якую ён слухаў у 2025-м, Саша Чарнуха называе новы альбом гішпанскай сьпявачкі Разаліі Lux.

«Дзяўчына ўзяла і зрабіла ўсё не па правілах, — кажа Саша. — Зь лёнданскім сымфанічным аркестрам, на трынаццаці мовах. Там столькі ўсяго спалучаецца — ад лацінаамэрыканскай музыкі да нейкіх зусім экзатычных гукаў. Вельмі мне спадабалася».

Сярод беларускіх музычных стратаў 2025-га Саша Чарнуха называе завяршэньне дзейнасьці «Пятлі Прыхільнасьці». Праз сыход свайго лідэра і вакаліста Ільлі Чарапко-Самахвалава гурт абвесьціў свой восеньні эўрапейскі тур апошнім і 2 лістапада скончыў існаваньне разьвітальным выступам на Кіпры.

«Я б вельмі хацеў, каб канец „Пятлі“ стаў пачаткам чагосьці новага, — кажа Саша Чарнуха. — Вядома, гэта вялікая страта. Гурт „Пятля Прыхільнасьці“ заўсёды быў у ідэальнай канцэртнай форме. І на канцэртах адбываліся сапраўдныя эмацыйныя выбухі. Лірыка вельмі моцнага гатунку, музыка вельмі моцнага гатунку, аранжаваньні вельмі моцнага гатунку. І ўсё зроблена не па правілах і ўзорах. Гэта было нешта сваё, аўтэнтычнае. Ты ня зможаш знайсьці у сусьветнай музыцы яшчэ адзін гурт і сказаць, што гэта падобна на „Пятлю Прыхільнасьці“. Не, такога больш няма».

Новая беларуская музыка

Але, як дадае Саша Чарнуха, новыя беларускія праекты таксама зьяўляюцца. У тым ліку і ў Беларусі. Ён называе выканаўцаў і гурты, якія слухаў у 2025-м і мог бы адзначыць. Гэта Ян Клапоцкі, «Миртл», Passive Voice, Podonki, Ralla, Anton Anishchanka.

Саша Чарнуха, фота Kanaplev+Leidik

«У Passive Voice вельмі актыўная моладзевая музыка, — кажа Чарнуха. — Гурт Podonki мне падабаецца, быў у іх на канцэрце нядаўна. Супэрклясны драйвовы гурт. Такі сучасны панк. „Миртл“ — горадзенская дзяўчына, якая робіць клясную, густоўную поп-музыку. За ёю цікава сачыць. Сёлета яна выдала трэк на беларускай мове з адценьнем брыт-попу. Мне вельмі падабаецца такая музыка».

Узьнікаюць новыя беларускія гурты і за мяжой. Саша Чарнуха згадвае гурт Prypiać, куды ўваходзяць удзельнік «Пятлі Прыхільнасьці» Цімафей Савіцкі, ягоны 17-гадовы сын Казімір і Дзяніс Тарасенка з РСП.

«Зараз паўстаюць новыя гурты, гэта працэс, — кажа Саша. — Магчыма, яны не зусім заўважныя. Бо ў эміграцыі нашмат складаней рабіць музыку, чым у Беларусі. Зусім іншыя умовы. Нават знайсьці людзей, зь якімі можна зрабіць музыку, значна складаней».

У 2026 годзе Саша Чарнуха чакае нагодаў для размоваў. Цікавых альбомаў і цікавых кніг, шмат новага і цікавага, што зьявіцца ў беларускім кантэксьце.

«Я кожны год думаю, што вось ўсе самыя цікавыя альбомы павыходзілі ў мінулым годзе, — прызнаецца Саша. — А гэты будзе такім прахадным. А пасьля сядаю, падбіваю свой сьпіс і бачу, што не. Што ўсё клясна, усё супэр. Мне проста вельмі хацелася б, каб у 2026 годзе людзі больш увагі зьвярталі на беларускую музыку. Каб у нас было вось гэтае спалучэньне. Каб мы нарэшце зразумелі, што няма ніякіх „зьехаўшых“ і „застаўшыхся“. Што мы ўсе жывем у Беларусі, у якім месцы сьвету мы б зараз ні знаходзіліся. Калі нас цікавіць беларуская культура, калі мы цікавімся сваім, то няважна, дзе мы. Беларусь — яна не пра геаграфічныя межы. Яна пра тое, што нас аб’ядноўвае. А культура — гэта першае, што аб’ядноўвае нас».