Польшча і іншыя краіны рэгіёну выходзяць з Атаўскай канвэнцыі 1997 году, а ЗША, Расея і Кітай і не былі ўдзельнікамі дамовы аб забароне супрацьпяхотных мін ад пачатку, паведамляе Reuters.
Польшча вырашыла пачаць вытворчасьць супрацьпяхотных мін упершыню з часоў «халоднай вайны» і плянуе разьмясьціць іх уздоўж сваёй усходняй мяжы, а таксама, магчыма, экспартаваць ва Ўкраіну, паведаміў Reuters намесьнік міністра абароны Польшчы Павел Залеўскі.
Польшча далучылася да больш шырокага рэгіянальнага зруху, у выніку якога амаль усе эўрапейскія краіны, якія мяжуюць з Расеяй, за выключэньнем Нарвэгіі, абвясьцілі аб плянах выхаду з глябальнай дамовы аб забароне такой зброі. Польшча хоча выкарыстоўваць супрацьпяхотныя міны для ўмацаваньня сваіх межаў зь Беларусьсю і Расеяй.
«Мы зацікаўленыя ў вялікіх колькасьцях і як мага хутчэй», — заявіў Павел Залеўскі агенцтву Reuters.
Ён сказаў, што міны будуць часткай «Усходняга шчыта» — абарончай праграмы, накіраванай на ўмацаваньне межаў Польшчы зь Беларусьсю і расейскім анклявам Калінінградам. На пытаньне аб тым, ці можа вытворчасьць мін пачацца ў наступным годзе, пасьля завяршэньня працэсу выхаду з Атаўскай канвэнцыі, Залеўскі адказаў:
«Я б вельмі хацеў гэтага... У нас ёсьць такія патрэбы».
Польшча пачала працэс выхаду з Атаўскай канвэнцыі ў жніўні і раней заяўляла, што можа пачаць вытворчасьць супрацьпяхотных мін, калі спатрэбіцца, але афіцыйнага рашэньня пакуль не прыняла. Камэнтар Залеўскага — першае пацвярджэньне з боку Варшавы таго, што яна будзе працягваць гэтыя крокі.
Дзяржаўная кампанія Belma, якая ўжо пастаўляе польскай арміі некалькі іншых тыпаў мін, заявіла, што межы Польшчы будуць абсталяваны мільёнамі мін у рамках праграмы «Ўсходні шчыт» для абароны сваёй 800-кілямэтровай усходняй мяжы.
«Мы рыхтуемся да таго, што попыт з боку Польшчы складзе 5-6 мільёнаў мін усіх тыпаў», — сказаў генэральны дырэктар Belma Ярослаў Закшэўскі агенцтву Reuters.
Ён дадаў, што, хоць Міністэрства абароны пакуль не разьмясьціла замову, кампанія зможа вырабіць да 1,2 мільёна мін усіх тыпаў, у тым ліку супрацьпяхотных, у наступным годзе.
У цяперашні час Belma вырабляе каля 100 000 мін у год. Намесьнік міністра сказаў, што пастаўкі мін ва Ўкраіну будуць залежаць ад вытворчых магутнасьцей.
«Наш адпраўны пункт — гэта нашы ўласныя патрэбы. Але для нас Украіна зьяўляецца абсалютным прыярытэтам, таму што эўрапейская і польская лінія бясьпекі праходзіць на фронце Расея-Украіна», — сказаў Залеўскі.
Закшэўскі з Belma заявіў, што экспарт ва Ўкраіну магчымы, і што краіны NATO, якія мяжуюць з Расеяй, у тым ліку краіны Балтыі, ужо выказалі зацікаўленасьць у куплі супрацьпяхотных мін. Ён сказаў, што ўласныя патрэбы Польшчы будуць мець прыярытэт, але любая дадатковая вытворчасьць можа быць пастаўленая саюзьнікам у рэгіёне.
Раней сёлета Літва і Фінляндыя заявілі, што чакаюць пачатку вытворчасьці супрацьпяхотных мін у наступным годзе на фоне ўзрастаючай занепакоенасьці з нагоды магчымай расейскай агрэсіі пасьля яе паўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну ў 2022 годзе.
Латвія і Эстонія таксама выходзяць з дамовы, але не абвясьцілі аб плянах вытворчасьці, хоць чыноўнікі ў Рызе заявілі, што могуць хутка пачаць вытворчасьць, калі спатрэбіцца, а Эстонія разглядае гэта як варыянт у будучыні. Паводле Міністэрства замежных спраў Польшчы, вытворчасьць супрацьпяхотных мін у Польшчы можа пачацца пасьля завяршэньня шасьцімесячнага пэрыяду выхаду з дамовы 20 лютага 2026 года. Украіна таксама абвясьціла аб выхадзе з Атаўскай канвэнцыі 1997 года, каб мець магчымасьць лепш абараняцца ад Расеі, якая не зьяўляецца ўдзельніцай дамовы.
Раней Аляксандар Лукашэнка заявіў, што замінаваньне Польшчай і краінамі Балтыі памежнай зь Беларусьсю тэрыторыі — адна з формаў ціску на краіну.
«Непрыязная палітыка Захаду датычна нас перарастае ў адкрыта агрэсіўную. Пакуль асаблівай рызыкі і простых вайсковых пагрозаў ня бачым, бо супрацьпяхотныя міны — абарончы тып зброі. Пагатоў у нас няма плянаў пераходзіць межы суседзяў без запрашэньня», — працытавала дзяржаўнае агенцтва БелТА Аляксандра Лукашэнку.
«Аляксандар Лукашэнка чарговы раз заявіў аб гатоўнасьці Беларусі сябраваць і супрацоўнічаць з усімі, хто шчыра гэтага хоча, ісьці туды, дзе нас чакаюць. Але ісьці «не на танках, а на трактарах», — адзначаецца ў публікацыі.
- Аляксандар Лукашэнка падтрымаў расейскае ваеннае ўварваньне ва Ўкраіну ў лютым 2022 году, дазволіўшы скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору краіны для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў.
- Расейскія войскі рэгулярна абстрэльваюць Украіну з розных відаў узбраеньня — ударнымі дронамі, ракетамі, кіраванымі авіябомбамі.
- Кіраўніцтва Расеі зьняпраўджвае тое, што расейская армія наносіць мэтанакіраваныя ўдары па цывільнай інфраструктуры і мірным насельніцтве.
- Украінская ўлада і міжнародныя арганізацыі кваліфікуюць гэтыя ўдары як ваенныя злачынствы Расейскай Фэдэрацыі і пераконваюць, што яны маюць мэтанакіраваны характар.