Пра гэта паведамляе інфармацыйнае агенцтва «Позірк».
У тэлеграм-канале дэмакратычнай лідэркі Беларусі Сьвятланы Ціханоўскай адзначаецца, што закон «паслужыць падтрымкай у вырашэньні практычных і прававых праблемаў, зь якімі сутыкаюцца беларускія добраахвотнікі: ад легалізацыі знаходжаньня да сацыяльных гарантыяў і абароны іх правоў».
«Прыняцьце закону — гэта добрая навіна і вынік сумесных намаганьняў. Цяпер трэба забясьпечыць яго рэалізацыю», — адзначыў дарадца Ціханоўскай у парлямэнцкім супрацоўніцтве Анатоль Лябедзька.
У ліпені стала вядома, што Ціханоўская зьвярнулася да прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага з просьбай падтрымаць і паскорыць прыняцьцё закона, які вызначае прававы статус беларускіх добраахвотнікаў.
15 ліпеня Зяленскі зацьвердзіў абноўлены закон «Аб грамадзянстве Ўкраіны». З дакумэнту вынікае, што Ўкраіна можа даваць грамадзянства замежнікам і асобам без грамадзянства, якія ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку праходзяць вайсковую службу па кантракце ў шэрагу ўкраінскіх сілавых структураў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я глыбока паважаю беларусаў, зь якімі служу». Гутарка з амэрыканскім мэдыкам палку КаліноўскагаЗгодна з арт. 9 закону, на момант падачы заявы аб прыняцьці ў грамадзянства прэтэндэнты павінныя або бесперапынна пражываць на тэрыторыі краіны на працягу трох гадоў з дня ўступленьня ў сілу кантракта аб вайсковай службе ў згаданых структурах, або сама меней адзін год праходзіць службу па кантракце «у пэрыяд дзеяньня ваеннага становішча».
Такім чынам, з улікам дзейнага ваеннага становішча, беларускія добраахвотнікі, якія падпісалі кантракт з УСУ, маюць права прэтэндаваць на атрыманьне ўкраінскага грамадзянства пасьля года службы.
9 сакавіка 2022 года, неўзабаве пасьля пачатку поўнамаштабнай расейскай агрэсіі супраць Украіны, беларускія добраахвотнікі стварылі батальён імя Кастуся Каліноўскага. 26 сакавіка таго ж года ён увайшоў у склад Узброеных сілаў Украіны, а 21 траўня было абвешчана аб яго трансфармацыі ў полк.
У Беларусі па факце стварэньня палка Каліноўскага (ПКК) распачалі крымінальную справу. Міністэрства ўнутраных спраў прызнала ПКК «экстрэмісцкім фармаваньнем» (першапачаткова — у верасьні 2022 года, дадаткова — у красавіку 2024-га). 25 верасьня 2024 года стала вядома, што Вярхоўны суд прызнаў ПКК «тэрарыстычнай арганізацыяй». Беларускія ўлады ў Менску жорстка перасьледуюць за любую дапамогу гэтай структуры і нават за намер яе аказаць.
На баку Ўкраіны ваююць яшчэ некалькі беларускіх добраахвотніцкіх фармаваньняў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Полк Каліноўскага абвясьціў калядны збор на падарункі дзецям беларускіх добраахвотнікаў