У Нямеччыне расьсьледуюць магчымую датычнасьць былога кіраўніка бабруйскай калёніі Дзьмітрыя Шынвізэ да злачынстваў супраць чалавечнасьці. Гэтым займаецца Фэдэральнае ведамстве крымінальнай паліцыі.
Ініцыятыва былых беларускіх сілавікоў BelPol накіравала туды ўсе дакумэнты і кантакты людзей, якія пацярпелі ад дзеяньняў Дзьмітрыя Шынвізэ. Таксама яны заклікалі ўсіх пацярпелых надаць дадатковую інфармацыю, каб апэратыўна задакумэнтаваць факты катаваньняў і жорсткага абыходжаньня.
У сярэдзіне жніўня выданьне «Наша ніва» высьветліла, што былы супрацоўнік бабруйскай папраўчай калёніі Дзьмітры Шынвізэ пераехаў жыць у Нямеччыну.
Як расказалі Свабодзе ў арганізацыі BelPol, Дзьмітры Шынвізэ нарадзіўся ў Бабруйску, яму 44 гады. Жанаты, мае дачку. У бабруйскай калёніі Шынвізэ працаваў як мінімум з 2003 году. Да 2008-га быў начальнікам атраду, пасьля пайшоў на падвышэньне, стаў дзяжурным памочнікам начальніка калёніі. Гэтую пасаду Шынвізэ займаў да 2016 году, пасьля чаго стаў начальнікам апэратыўна-рэжымнай часткі калёніі. У абавязкі Шынвізэ уваходзіў кантроль за асуджанымі, адсочваньне іх настрояў, перадухіленьне правапарушэньняў на тэрыторыі калёніі.
Дзьмітры Шынвізэ, былы супрацоўнік папраўчай калёніі ў Бабруйску. Фота з базы арганізацыі BelPol
Адразу некалькі былых палітзьняволеных у размове з Свабодай расказалі, што Дзьмітры Шынвізэ фактычна быў «галоўным наглядчыкам» над вязьнямі. Калі абавязкі начальніка калёніі збольшага складаліся з адміністрацыйных і прадстаўнічых функцыяў, то Шынвізэ непасрэдна кантактаваў са зьняволенымі і меў да іх амаль бесьперапынны доступ.
Пра дакладны час пераезду Дзьмітрыя Шынвізэ ў Нямеччыну невядома. Паводле атрыманай ад арганізацыі былых сілавікоў BelPol інфармацыі, падчас працы ў бабруйскай калёніі Шынвізэ не выяжджаў зь Беларусі ў Нямеччыну. Вядома, што ён тройчы быў ва Ўкраіне, аднойчы наведваў Літву.
У сацыяльных сетках зьявілася фота, на якім жанчына, меркаваная жонка Дзьмітрыя Шынвізэ ўсміхаецца на сонцы побач з квітнеючай клюмбай і сьцяной з характэрным графіці. Фотаздымак зрабілі на Гётэштрасэ ў прыазёрным горадзе Швэрын на поўначы Нямеччыны і апублікавалі ў расейскай сацыяльнай сетцы «УКантакце».
Сёлета трэцяга верасьня нямецкія дзяржаўныя пракуроры паведамілі Радыё Свабода, што паліцыя праводзіць расьсьледаванне.
«Учора пракуратура Швэрына атрымала адпаведную заяву, — паведамілі Свабодзе ў нямецкай паліцыі. — Зараз справа расьсьледуецца. Пакуль што я не магу даць вам ніякай дадатковай інфармацыі».
Свабода пагаварыла з палітвязьнямі, якія адбывалі тэрмін у бабруйскай калёніі № 2 і сутыкаліся там з Шынвізэ. Зь іхных словаў, Дзьмітры Шынвізэ асабліва жорстка ставіўся да палітвязьняў і вязьняў так званага «нізкага статусу».
«Пачынае душыць мяне»
Былы палітвязень з Горадні Вадзім Ермашук сядзеў у бабруйскай калёніі з сакавіка 2022 па чэрвень 2024 году. Ён знаходзіўся там у «нізкім статусе» праз сваю гомасэксуальную арыентацыю, пра якую публічна паведаміў тэлеграм-канал, набліжаны да сілавікоў, пасьля затрыманьня Ермашука. Вадзім расказаў, што меў дачыненьні з Дзьмітрыем Шынвізэ. З словаў суразмоўцы, за 3-4 месяцы да ягонага вызваленьня таго звольнілі.
«У нас чуткі хадзілі, што за злоўжываньне (службовымі паўнамоцтвамі. — РС), бо на яго было шмат скаргаў. Яго ненавідзелі ўсе, ня толькі палітычныя, але і звычайныя зэкі. Ён быў ярым гамафобам. Заўсёды былі жарты на гэтую тэму. Мне хлопцы расказвалі, што калі прыяжджаеш у зону, ён такі: „Ну што, заднепрывадныя, калі ласка, у зону. Хто петуш*ра, наперад“», — кажа былы палітвязень.
Вадзім Ермашук, фота з прыватнага архіву
Ермашук успамінае, што ў калёніі Шынвізэ называлі «Рудольф» (ад імя па бацьку Дзьмітры Рудольфавіч) і «Адольф». Сам Вадзім кажа, што называў Шынвізэ «фашыстам».
Вадзім расказаў, што ён асабіста пацярпеў ад дзеяньняў Шынвізэ, калі хварэў і няправільна завязаў шалік. З словаў былога палітвязьня, шалік у калёніі дазвалялі надзяваць толькі накрыж, а ён закруціў крыху больш, каб лепш закрыць горла.
«Бо зіма, холад, целагрэйкі ўсе адкрытыя. Ён мяне пацягнуў за каўнер. Я думаў, каб праверыць, паголены ці непаголены. І я пытаюся: „Усё нармальна?“ А ён падумаў, што я ў яго запытаўся: „Ты чаго, усё нармальна ў цябе?“ Ён без настрою быў: „Паглядзі на яго! Што ён кажа! Хто ён такі? Ненармальна тое, што ты зьявіўся на гэты сьвет“. Я стаю, гляджу на яго. Ён глядзіць на мяне, усьміхаецца. Аддае адзін канец (шаліка) іншаму, другі сам (трымае) і пачынае душыць мяне: „Што, павесіцца захацеў?“», — расказвае былы палітвязень.
Вадзім кажа, што пачаў задыхацца і спужаўся. Спрабаваў пальцамі адцягнуць шалік ад шыі. Пасьля гэтага Шынвізэ, з словаў Ермашука, адпусьціў яго. Яны разышліся ў розныя бакі. З словаў суразмоўцы, ягоны атрад ужо пайшоў наперад, людзі ня бачылі, што адбывалася. Але за сытуацыяй назіраў з-за плота «галоўны ў нізкім статусе», таксама зьняволены.
«Пасьля ўвечары мяне трэсла. Мы паміж сабой дзяліліся гэтай сытуацыяй. Я казаў, што начальнік так не павінен камунікаваць нават у калёніі, нават з зэкамі. Ён ня Бог, каб вырашаць, каму нарадзіцца на сьвет», — кажа былы палітвязень.
Вадзім Ермашук, фота з прыватнага архіву
Пасьля гэтага ўвечары, калі Вадзім пайшоў патэлефанаваць блізкім, расказвае ён, у яго здарыўся зрыў.
«Я на тэлефонных званках крычаў сваёй цётцы, што я галасаваў за Ціханоўскую, што я люблю Дзяніса, — гэта мой партнэр, з якім я жыў, — мне пох** на ўсё! Кажу: „Я нічога не зрабіў! Я не злачынца! Усіх гэтых свалачэй, якія зьдзекуюцца зь мяне, паставіць да сьценкі і расстраляць!“ Мне за гэта не дадалі тэрмін (за такія словы на палітвязьня маглі завесьці дадатковую крымінальную справу — за непадпарадкаваньне адміністрацыі калёніі паводле 411 артыкулу КК. — РС). Пры гэтым былі зэкі, а размова на праслушцы ў мянтоў», — расказвае суразмоўца.
Вадзім тлумачыць, што яго так закранула фраза Шынвізэ пра «нарадзіцца на сьвет». Былога палітвязьня гадавала маці з інваліднасьцю, забясьпечвала яго, але рана памерла ад анкалягічнай хваробы.
Пасьля гэтага выпадку, дадае суразмоўца, яго адправілі на 15 дзён у ШЫЗА. Там яго часам правяраў Шынвізэ. Ермашук кажа, што не глядзеў на таго. Перад ШЫЗА, кажа Вадзім, ён сам пайшоў да псыхоляга, хоць без дазволу гэтага рабіць нельга.
Пасьля ШЫЗА Ермашук, зь ягоных словаў, два тыдні разважаў, ці ня скочыць з вакна трэцяга паверху ў прыбіральні. Але кажа, баяўся, што не разаб’ецца насьмерць, а застанецца з інваліднасьцю. Пасьля таго інцыдэнту, кажа Вадзім, ён стаў ненавідзець Шынвізэ. Выпадак з шалікам ён успамінае дагэтуль.
Ермашук кажа, што іншы, непалітычны, вязень «у нізкім статусе» расказваў яму, што Шынвізэ яго аднойчы біў дручком і ставіў на «ластаўку».
Паводле былога палітвязьня, Шынвізэ асабліва кепска ставіўся да «палітычных» і вязьняў у «нізкім статусе», якім быў і сам Вадзім. Ермашук кажа, што ведае з словаў непалітычных зьняволеных, маўляў, яны чулі ад Шынвізэ: «Я гэтых палітычных расстрэльваў бы». З словаў Ермашука, Шынвізэ дзяжурыў дзень праз тры дні, правяраў вязьняў у ШЫЗА, мог учыніць праверку ў атрадзе.
«Калі пастраеньне, ён ідзе такі важны: „Вы тут ніхто, а я ўсё“. Ён паказваў вачыма, што ён проста ненавідзіць нас. Ён абражаў нас: „заднепрывадныя“, „під***сы“», — успамінае Ермашук.
Ён хацеў бы сустрэцца з Шынвізэ ў Эўразьвязе і паглядзець яму ў вочы, «як ён у свабоднай краіне глядзець будзе».
«Я б хацеў яго ўбачыць, вельмі. Ягоныя словы: „Яжджайце ў сваю заднепрывадную Эўропу“. Мне балюча і крыўдна. Я б сказаў яму: „Памятаеш мяне? Такі быў „у нізкім статусе“», — разважае Ермашук.
Вадзім кажа, што хацеў бы, каб Шынвізэ пакаралі і каб той сядзеў у Беларусі, бо ў Эўразьвязе больш камфортныя ўмовы. Дадае ці то жартам, ці то ўсур’ёз, што патрабаваў бы ад супрацоўніка калёніі 20 тысяч эўра кампэнсацыі маральнай шкоды. Але Ермашук дапускае, што калі б Шынвізэ перапрасіў і расказаў публічна, як уладкаваная сыстэма рэжыму Лукашэнкі, то мог бы яму дараваць.
Галавой у глебу
Былы палітвязень з Пружанаў Алег Кулеша знаходзіўся ў бабруйскай калёніі няпоўны год, да верасьня 2022 году. Кулеша расказвае, што Дзьмітры Шынвізэ сустракаў яго у калёніі з этапу. Палітвязьняў можна перавозіць толькі ў кайданках. У калёніі ім трэба памяняць кайданкі — з тых, у якіх іх везьлі, на іншыя. З словаў Кулешы, Шынвізэ зрабіў з гэтай працэдуры цэлую падзею.
Алег Кулеша, фота з прыватнага архіву
«„Белыя“ (непалітычныя вязьні. — РС) стаяць на нагах. „Жоўтых“ (палітвязьняў. — РС) усіх выгналі на паўтара мэтра наперад, паставілі на калені, галавой у глебу, рукі задраць так, каб было відаць кайданкі. Так мы стаялі і чакалі, пакуль ён разьбярэцца з сваімі справамі», — кажа Алег Кулеша.
У такой позе, успамінае суразмоўца, яны прастаялі каля 10 хвілін. Тады была зіма, на вуліцы ляжаў сьнег.
Кулеша размаўляў у зьняволеньні, як і звычайна, па-беларуску. Паводле яго, для беларускамоўных там ствараюць горшыя ўмовы. Праз гэта ў першы ж дзень у яго адбылася размова з Шынвізэ, бо той нібыта не разумеў, што яму кажа палітвязень.
«Ён мне сказаў, што ён рускі па паходжаньні, рускі па пашпарце», — расказвае суразмоўца.
Пасьля падчас прыёму ў калёнію вязьняў дзялілі на «звычайных» і тых, што «ў нізкім статусе».
«Ты „мужык“ ці „під*р“?», — такой фразай, з словаў Кулешы, Шынвізэ дзяліў вязьняў на групы.
Былы палітвязень расказаў пра іншыя дачыненьні з гэтым начальнікам. Пасьля таго як Шынвізэ заходзіў на тэрыторыю прамысловай зоны, дзе працуюць «палітычныя», там адбываліся «ашалелыя ператрусы».
Аднойчы, прыгадаў Кулеша, ён чакаў размовы з начальнікам калёніі. Перад гэтым мусіў цалкам разьдзецца і так голым чакаць у клетцы, пакуль правяраюць рэчы. Кулеша расказвае, што звычайна чаканьне доўжылася каля 20 хвілін. У гэты час міма праходзіў Шынвізэ і спытаў, хто гэта ў клетцы. Дзяжурны яму адказаў, што гэта «палітычны, беларускамоўны». Той загадаў: «Хай яшчэ пастаіць», — кажа Кулеша. Пасьля гэтага, зь ягоных словаў, ён замест 20 хвілін правёў у клетцы некалькі гадзін.
Алег Кулеша, фота з прыватнага архіву
З словаў былога палітвязьня, Шынвізэ спачатку быў трэцяй асобай у калёніі паводле пасады. Потым стаў другім пасьля начальніка калёніі. Да непалітычных зьняволеных, мяркуе Алег Кулеша, ён ставіўся лепш. Першыя некалькі хвілін з усімі размаўляў досыць ветліва, але потым пачынаў крычаць.
«Ён не зьвяртаў увагі на палітычных. Ты ідзеш як здань каля яго», — расказвае суразмоўца.
У калёніі, паводле Кулешы, Шынвізэ называлі «Рудольф» або «эсэсавец». На думку былога палітвязьня, Шынвізэ ня быў самым жорсткім з усіх супрацоўнікаў пэнітэнцыярнай сыстэмы, зь якімі Кулеша меў дачыненьне. Ён бы даў яму 7-8 балаў паводле 10-бальнай шкалы жорсткасьці.
«Я ведаю, што тым, хто трапіў пад „Рудольфаву“ костку, было вельмі цяжка. „Рудольф“ мог заехаць па сківіцы на прыватнай сустрэчы. Гэта былі палітвязьні. Я ведаю такія выпадкі, калі чалавеку прылятала, калі яго выклікалі да „Рудольфа“. Да „Рудольфа“ выклікаюць ня проста так», — кажа ён.
Алег кажа, што ў бабруйскай калёніі палілі «няправільныя» кнігі з бібліятэкі на загад Шынвізэ. Гэта адбылося, калі Кулеша ўжо вызваліўся. Яму пра гэта расказалі іншыя вязьні.
«Я вельмі жадаю пабачыцца зь ім і сказаць: „Ну як? Тут, у Нямеччыне, ты па-расейску размаўляеш ці нямецкую вывучыў, му*ар?“, калі ён у Беларусі беларускую ня мог вывучыць. Крыўдна. Лічу, што гэта нашая агульная недапрацоўка», — кажа ён пра пераезд Шынвізэ ў Нямеччыну.
Вялікая і пастаянная практыка
Прадстаўніца Беларускага Хэльсынскага камітэту Кацярына Дзяйкала у размове з Свабодай адказала на пытаньне, ці магчыма прыцягнуць да адказнасьці былога супрацоўніка сыстэмы рэжыму Лукашэнкі, калі ён знаходзіцца ў краіне Эўразьвязу. Паводле юрысткі, каб такія справы сталі пасьпяховымі, павінны супасьці розныя фактары.
«У крымінальным заканадаўстве многіх дзяржаваў ёсьць палажэньні аб унівэрсальнай юрысдыкцыі. Але гэта ня значыць, што ўсе яны з гэтым працуюць на практыцы. Справы, якія датычаць міжнародных злачынстваў, патрабуюць асаблівага досьведу», — камэнтуе Дзяйкала.
Кацярына Дзяйкала
Нямеччына, паводле яе, — акурат такая краіна, якая мае вялікую і пастаянную практыку ў міжнародных крымінальных справах. Там расьсьледавалі злачынствы, зьдзейсьненыя ў Сырыі, бо злачынцы зьбягалі як уцекачы ў Нямеччыну. А таксама злачынствы, учыненыя ў Руандзе, Конга, Гамбіі.
«Там з 2002 году дзейнічае Кодэкс злачынстваў супраць міжнароднага права». Яго палажэньні фактычна ўзятыя з статуту Міжнароднага крымінальнага суду. То бок Нямеччына фактычна прывяла сваё заканадаўства ў адпаведнасьць з Рымскім статутам», — тлумачыць экспэртка.
Рымскі статут — гэта міжнародная дамова, якую заснаваў Міжнародны крымінальны суд. Яна набыла моц у 2002 годзе. Міжнародны крымінальны суд разглядае найбольш сур’ёзныя справы: аб генацыдзе, ваенных злачынствах, злачынствах супраць чалавечнасьці. Гэтую дамову падпісала больш за 130 дзяржаваў. Беларусі сярод іх няма.
Нямеччына выкарыстоўвае прынцып унівэрсальнай юрысдыкцыі, што дазваляе ёй перасьледаваць ваенных злачынцаў па-за межамі сваёй тэрыторыі.
Па-другое, паводле Дзяйкалы, важна, каб злачынца знаходзіўся на тэрыторыі краіны Эўразьвязу ці іншай дэмакратычнай краіны.
«Калі ён не на тэрыторыі краіны, то ўсё гэта можна паспрабаваць ініцыяваць, але гэта будзе доўгая песьня, і шанцаў мала. Па-трэцяе, важныя сьведкі, гатовыя даваць паказаньні і «ісьці да канца ў гэтай справе», пералічвае прадстаўніца БХК. «Гэта вельмі вялікі шанец на посьпех», — мяркуе яна.
Кацярына Дзяйкала тлумачыць: каб пачаць расьсьледаваньне ў Нямеччыне, патрэбныя «дастатковыя фактычныя падставы», то бок факты. Напрыклад, наяўнасьць сьведак злачынства. Пры гэтым няма патрабаваньня падаць нейкі канкрэтны тып доказаў (фота, відэа, аўдыё).
«Павінна быць высьветлена, што фактаў дастаткова (для пачатку расьследаваньня. — РС). Гэта могуць быць і вусныя, і пісьмовыя сьведчаньні. Каб адкрыць справу, могуць быць сьведчаньні, заснаваныя на паказаньнях, якія потым, падчас сьледзтва, маюць быць вэрыфікаваныя або не вэрыфікаваныя. Чым больш пацьверджаньняў, тым лепш. А каб выставіць абвінавачаньне, мусяць быць разумныя падставы падазраваць, што гэты чалавек зьдзейсьніў гэтае злачынства», — кажа Кацярына Дзяйкала.
Сам факт, што чалавек працаваў у калёніі пры рэжыме Лукашэнкі, ня ёсьць падставай, каб супраць яго заводзіць справу, бо гэта само па сабе не злачынства. Гэта агульнае правіла крымінальнага права — прэзумпцыя невінаватасьці, удакладняе юрыстка.
Бабруйская папраўчая калёнія, архіўнае фота
Паводле яе, падаваць заяву можна ў мясцовую паліцыю і пракуратуру.
Актывістка, якая жыве ў Нямеччыне (не называем ейнага імя дзеля бясьпекі. — РС) расказала Свабодзе, што падаць пазоў у нямецкую паліцыю досыць проста. Гэта можна зрабіць праз адмысловую форму онлайн на нямецкай мове. У форме можна адзначыць, што меркаванае злачынства адбылося за мяжой. Пры гэтым неабавязкова быць у горадзе, дзе жыве меркаваны падазраваны. Празь некалькі дзён звычайна прыходзіць паведамленьне, што заяву зарэгістравалі.
Да дзесяці гадоў турмы
Адвакатка зь Нямеччыны доктар Анна Эміхен (Anna Oehmichen), якая займаецца пытаньнямі міжнароднага права, таксама пракамэнтавала Свабодзе магчымасьць прыцягнуць да адказнасьці ў Нямеччыне Дзьмітрыя Шынвізэ, былога супрацоўніка турмы, які нібыта зьдзекаваўся з палітвязьняў.
Яна спаслалася на разьдзел 7 Крымінальнага кодэксу Нямеччыны «Іншыя правапарушэньні, зьдзейсьненыя за мяжой». Паводле яго, нямецкае крымінальнае заканадаўства распаўсюджваецца на правапарушэньні, якія чалавек учыніў за межамі Нямеччыны, калі гэтае дзеяньне зьяўляецца крымінальным злачынствам у месцы яго зьдзяйсьненьня — у гэтым выпадку ў Беларусі.
Другая ўмова — меркаваны злачынец мусіў або быць грамадзянінам Нямеччыны на момант зьдзяйсьненьня правапарушэньня, альбо стаць ім пасьля, адзначае кіраўнік юрыдычнай фірмы Анна Эміхен. Прыцягнуць такую асобу да крымінальнай адказнасьці магчыма таксама, калі грамадзянства Нямеччыны мае пацярпелы.
Папраўчая калёнія ў Бабруйску, дзе працаваў Дзьмітрый Шынвізэ. Архіўнае фота
Яшчэ адзін варыянт перасьледу меркаванага замежнага злачынцы за правапарушэньні, учыненыя за мяжой, магчымы тады, калі падазраванага знайшлі ў Нямеччыне і не экстрадавалі, хоць з такім правапарушэньнем ён, як правіла, меў бы падлягаць экстрадыцыі, закон дазваляе яго экстрадыцыю, тлумачыць адвакатка доктар Анна Эміхен.
Адвакат Андоні Філпа (Andoni Filpa) зь нямецкай адвакацкай канторы Dr. Miluscheva Rechtsanwaltskanzlei у камэнтары Свабодзе адзначыў, што крымінальны перасьлед Дзьмітрыя Шынвізэ дапушчальны ў адпаведнасьці з дзеючым нямецкім заканадаўствам. Ён азначыў, што Нямеччына можа перасьледаваць дзеяньні Шынвізэ паводле: 1) Кодэксу злачынстваў супраць міжнароднага права (Völkerstrafgesetzbuch — VStGB) або 2) паводле Крымінальнага кодэксу Нямеччыны (Strafgesetzbuch — StGB).
У адвакацкай канторы Dr. Miluscheva Rechtsanwaltskanzlei адзначылі, што Нямеччына можа перасьледаваць міжнародныя злачынствы (катаваньні, злачынствы супраць чалавечнасьці, ваенныя злачынствы), нават калі іх зьдзейсьнілі не ў Нямеччыне, а, напрыклад, у Беларусі, а таксама калі абвінавачаны і ахвяры не былі грамадзянамі Нямеччыны. Гэтыя ўмовы супадаюць з сытуацыяй Шынвізэ.
«Калі Шынвізэ можна абвінаваціць у катаваньнях як злачынстве супраць чалавечнасьці, нямецкія суды маюць поўную юрысдыкцыю», — адзначае адвакат Андоні Філпа.
Паводле адваката, у Нямеччыне могуць прыпыніць перасьлед Шынвізэ, калі б ён зьехаў з гэтай краіны, калі ягоныя меркаваныя злачынствы ўжо перасьледаваў бы міжнародны суд або суд у Беларусі, на тэрыторыі якой адбываліся меркаваныя злачынствы і грамадзянамі якой зьяўляліся патэнцыйны падазраваны і пацярпелыя. Дзе цяпер знаходзіцца Шынвізэ, дакладна не вядома.
Нават калі злачынствы ня лічацца міжнароднымі, Нямеччына можа судзіць чалавека, калі злачынствы зьдзейсьнілі за мяжой (напрыклад, у Беларусі), на той момант падазраваны быў іншаземцам (Шынвізэ ім быў), а пасьля атрымаў нямецкае грамадзянства. Ці мае Шынвізэ цяпер нямецкае грамадзянства, дакладна невядома. Гэта прадугледжвае «Клаўзула аб новым грамадзянстве» Крымінальнага кодэксу Нямеччыны, камэнтуюць у нямецкай адвакацкай канторы.
Калі Шынвізэ мае нямецкае грамадзянства, то крымінальныя справы на яго патэнцыйна могуць завесьці па такіх артыкулах, адзначыў Андоні Філпа:
1) Злачынствы супраць чалавечнасьці (катаваньні). За гэта пагражае найменей пяць гадоў турмы, але ў лёгкіх выпадках — ад 2 гадоў.
2) Цялесныя пашкоджаньні: за лёгкія (удушэньне шалікам, катаваньне холадам) пагражае да пяці гадоў турмы або штраф ад 5 да 360 дзённых ставак, за цяжкія (удушэньне шалікам, пагроза жыцьцю) — ад 6 месяцаў да 10 гадоў.
Экстрадыцыя ў Беларусь немагчымая ў тым выпадку, калі Шынвізэ ўжо мае грамадзянства Нямеччыны. Але ці ён мае, невядома.
Да пажыцьцёвага зьняволеньня
У Нямеччыне ўжо судзілі ў міжнародных працэсах людзей, якіх вінавацілі ў ваенных злачынствах і злачынствах супраць чалавечнасьці.
У чэрвені 2025 году ў Франкфурце-на-Майне скончыўся суд над вайсковым лекарам Алаа М., які працаваў у Сырыі. Яго прызналі вінаватым у тым, што ён катаваў мірных жыхароў у шпіталях і ў цэнтры ўтрыманьня пад вартай у 2011–2012 гадах, зьдзяйсьняў сэксуальныя злачынствы, забіў двух чалавек. У 2015 годзе Алаа М. пераехаў у Нямеччыну і працаваў там да 2020 году, пакуль яго не затрымалі. Судовы працэс над ім пачаўся ў 2022 годзе і доўжыўся 3,5 году. Яго асудзілі на пажыцьцёвае зьняволеньне.
У 2015 годзе ў нямецкім Штутгарце за ваенныя злачынствы асудзілі двух выхадцаў з Руанды. Іх абвінавацілі ў кіраваньні паўстанцкай групоўкай на ўсходзе Дэмакратычнай Рэспублікі Конга, пры гэтым абвінавачаныя жылі ў Нямеччыне, пакуль іх ня выявілі. Іх асудзілі на 8 і 13 гадоў зьняволеньня. Судовы працэс цягнуўся чатыры гады.
Былога супрацоўніка сырыйскай выведкі Анвара Р. асудзілі ў 2022 годзе ў нямецкім горадзе Кобленцы за злачынствы супраць чалавечнасьці. Суд прыгаварыў яго да пажыцьцёвага зьняволеньня.