Нямецкае выданьне Welt паведаміла пра нібыта 360 тысяч расейскіх вайскоўцаў, дысьлякаваных у Беларусі. Пра гэта ў этэры выданьня заявіў экспэрт партыі ХДС у замежнай палітыцы Родэрых Кізэвэтэр.
Пакуль беларускія ўлады маўчалі, гэтую інфармацыю катэгарычна зьняпраўдзіла літоўская выведка сумесна з войскам і Нацыянальным цэнтрам кіраваньня крызісамі.
«У інтэрнэце распаўсюджваецца інфармацыя, апублікаваная замежным СМІ, пра нібыта разьмешчаныя ў Беларусі больш за 300 тысяч расейскіх вайскоўцаў, гатовых у любы момант напасьці на NATO. Гаворачы сьцісла, нічога нават аддалена падобнага ў Беларусі няма, расейскія сілы засяроджаныя ва Ўкраіне, яны не разгорнутыя блізу нашых межаў і межаў суседніх краінаў альянсу, і, адпаведна, мы ня можам казаць пра намер выкарыстаць такія неіснуючыя сілы», — заявілі ў літоўскай выведцы.
У ведамстве адзначылі, што «сэнсацыйная дэзынфармацыя распаўсюджваецца хутка», і параілі «не спрыяць гэтаму». Гэта можа прынесьці вялікую шкоду і дэзынфармаваць насельніцтва, пацягнуўшы наступствы рознага кшталту.
Паводле Другога дэпартамэнту апэратыўных службаў і Міністэрства абароны Літвы, Расея ў цяперашні час разьмясьціла ў Беларусі некалькі тысяч вайскоўцаў.
Акрамя таго, Дэпартамэнт падкрэсьліў, што Расея папросту ня мае магчымасьці для буйнога разгортваньня войскаў у Беларусі ў найбліжэйшай будучыні, бо ўсе яе намаганьні засяроджаныя на працягу вайны супраць Украіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Алесь Бяляцкі: «Для нас стратэгічна важна, каб Украіна перамагла ў гэтай вайне». ВІДЭА