Стала вядома аб новай шпіёнскай праграме, якую выкарыстоўвае КДБ для сачэньня праз тэлефон

Лягатып арганізацыі «Рэпартэры бязь межаў» (RSF). Ілюстрацыйнае фота

Лябараторыя лічбавай бясьпекі (DSL) арганізацыі «Рэпартэры бязь межаў» (RSF) супольна з усходнеэўрапейскай няўрадавай арганізацыяй Resident.ngo выявілі раней невядомае шпіёнскае праграмнае забесьпячэньне, якое КДБ Беларусі выкарыстоўваў апошнія чатыры гады для сачэньня за журналістамі праз тэлефон.

Як адзначаецца ў справаздачы арганізацыі «Рэпартэры бязь межаў», гэтая шпіёнская праграма спачатку называлася ResidentBat. Пасьля ўсталяваньня ў смартфоны з апэрацыйнай сыстэмай Android праграма атрымлівае доступ да канфідэнцыйных зьвестак — да журналаў выклікаў, запісаў зь мікрафону, здымкаў экрану, SMS-паведамленьняў, паведамленьняў з зашыфраваных праграмаў абмену паведамленьнямі і да лякальна захаваных файлаў.

«Выкарыстоўваючы тэхналёгіі назіраньня, такія, як ResidentBat, беларуская дзяржава ажыцьцяўляе мэтанакіраваную стратэгію рэпрэсіяў супраць незалежнай журналістыкі. Гэтыя інструмэнты ня маюць нічога супольнага з нацыянальнай бясьпекай, як заяўляе Лукашэнка, замест гэтага яны выключна маюць дачыненьне да запалохваньня і прымушэньня журналістаў маўчаць. Сыстэматычнае ўварваньне ў іхнае асабістае і прафэсійнае жыцьцё — беспасярэдняя і незаконная атака на свабоду прэсы і асноўныя правы», — мяркуе экспэрт арганізацыі Антуан Бэрнар.

Аб выкарыстаньні новай шпіёнскай праграмы стала вядома з аналізу смартфона журналіста, якога выклікалі на допыт у КДБ. «Рэпартэры бязь межаў» пацьвердзілі асобу чалавека, але не публікуюць яго імя зь меркаваньняў бясьпекі.

Перад допытам у КДБ журналіста папрасілі здаць тэлефон, а на допыце — паказаць яго зьмесьціва, і ён разблякаваў тэлефон у прысутнасьці супрацоўніка. Журналіст і «Рэпартэры бязь межаў» мяркуюць, што сілавікі назіралі за ўводам PIN-коду, забралі тэлефон падчас допыту і ўсталявалі на ім шпіёнскае праграмнае забесьпячэньне.

Празь некалькі дзён антывірусная аплікацыя на тэлефоне выявіла падазроныя кампанэнты. Журналіст зьвязаўся з Resident.ngo для экспэртызы.

У арганізацыі «Рэпартэры бязь межаў» мяркуюць, што КДБ выкарыстоўвае гэтую праграму сама меней чатыры гады.

Пакуль незразумела, хто распрацаваў ResidentBat. Часткі коду з радкамі па-ангельску. Гэта можа сьведчыць, што праграма не прызначаная выключна для выкарыстаньня ў Беларусі і, магчыма, распрацаваная трэцім бокам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вясна»: з 2020 года як найменей 8905 чалавек зьведала палітычны крымінальны перасьлед