На Мазырскім НПЗ адкрылі новую пажарную частку. Апошні раз службу пашыралі ў 2018 годзе

Афіцыйная цырымонія адкрыцьця новай пажарнай часткі на Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе, 16 сьнежня 2025 году

На Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе адкрылі новую пажарную аварыйна-выратавальную частку.

Як паведаміла мясцовае выданьне «Мозырь NEWS», адкрывалі яе ўрачыста, у прысутнасьці міністра надзвычайных сытуацыяў Вадзіма Сіняўскага, прадстаўнікоў кіраўніцтва Гомельскага абласнога і Мазырскага раённага выканкамаў. Новую частку асьвяціў старшыня аддзелу ўзаемадзеяньня з узброенымі сіламі і вайсковымі фармаваньнямі Тураўскай эпархіі Аляксандар Бушлякоў.

Намесьнік старшыні Гомельскага аблвыканкаму Андрэй Бараноўскі зазначыў, што неабходнасьць абнаўленьня пажарнай часткі прадыктаваў час.

«Жыцьцё мяняецца, а разам зь ім мяняюцца патрабаваньні, у тым ліку да запэўненьня бясьпекі і аснашчэньня падобных аб’ектаў. Выказваю падзяку ратаўнікам за штодзённую працу, дзякуючы якой захоўваецца спакой насельніцтва», — працытаваў Бараноўскага Telegram-канал абласных уладаў.

Згодна з інфармацыяй уладаў, на Мазырскім НПЗ працуюць амаль 6 тысяч чалавек.

На прадпрыемстве дысьлякуецца пажарны аварыйна-выратавальны атрад № 4. Пажарную службу стварылі ў 1974 годзе, калі завод толькі пачалі будаваць.

У структуры атраду 4 часткі — тры непасрэдна на Мазырскім НПЗ (адну зь іх стварылі ў 2018 годзе) і адна на аб’ектах лінейнай вытворча-дыспэтчарскай станцыі «Мазыр».

У паведамленьнях уладаў і дзяржаўных СМІ не ўдакладняюць, ці зьвязана адкрыцьцё новай часткі зь небясьпекай прылёту дронаў, ударамі якіх цягам вайны абменьваюцца Расея і Ўкраіна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці чакаць беларусам дэфіцыту паліва праз рост паставак бэнзіну ў Расею? Разьбіраемся