«Бабарыканцы» і «ціханоўцы»: ці рассварыцца беларуская апазыцыя. Палітыка з Дракахрустам

Каляж

Чаму Калесьнікава падзякавала за вызваленьне Лукашэнку? Хто палітычна выйграў ад «вялікай угоды»? Што зьменіцца ў Беларусі і ў дэмсілах у выніку вызваленьня знакавых герояў 2020 году?

Па гэтых пытаньнях у праграме «Палітыка зь Юрыем Дракахрустам» спрачаюцца сталы прадстаўнік Аб'яднанага пераходнага кабінэту ў пытаньнях нацыянальнага адраджэньня Павал Баркоўскі і старшыня Рады Цэнтру новых ідэяў Антон Раднянкоў.

— Антон, у 2020 годзе вы былі ў машыне з Марыяй Калесьнікавай, калі яна парвала пашпарт і адмовілася ехаць ва Ўкраіну. Зараз яна ва Ўкраіну патрапіла прымусам. Многіх падчас прэсавай канфэрэнцыі, у якой яна ўзяла ўдзел, зьдзівілі яе словы падзякі за вызваленьне на адрас Лукашэнкі. На ваш погляд, што гэта? Некаторыя кажуць, «стакгольмскі сындром», іншыя мяркуюць, што гэта варыяцыя хрысьціянскага закліку маліцца нават за ворагаў сваіх.

Раднянкоў: Я не хацеў бы камэнтаваць словы Марыі. Я спадзяюся, хутка яна зможа ўжо прыехаць на тэрыторыю Эўразьвязу, пачытаць навіны і сама адказаць на ўсе гэтыя пытаньні. Я за гэты час зь ёй стэлефанаваўся толькі двойчы, я не магу цалкам раскрыць усё, што яна кажа.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Калесьнікава: Хачу падзякаваць Зяленскаму, усяму ўкраінскаму народу і Аляксандру Рыгоравічу 

— Павал, а якая вашая ацэнка гэтай падзякі Калесьнікавай?

Баркоўскі: Вызваленьне палітвязьняў — гэта вынік дамоўленасьцяў бакоў, у кожнага зь іх ёсьць свае пажаданьні і ўмовы. Гэта ў любым выпадку працэс двухбаковы і без жаданьня Менску ўдзельнічаць у ім, без жаданьня вызваляць людзей, гэтага б не адбывалася.

— Павал, у вас няма абавязацельстваў канфідэнцыйнасьці перад Калесьнікавай. Але якая вашая ацэнка гэтых словаў Калесьнікавай — ацэнка як палітыка, як філёзафа?

Баркоўскі: Я, як і Антон, не сьпяшаўся бы даваць камэнтары на першыя выказваньні людзей, якія толькі нядаўна выйшлі з турмы. Сапраўды ім можа быць цяжка зараз сфармуляваць трапна свае думкі пасьля працяглага рэжыму інкамунікада. Але я разумею, што частка гэтых выказваньняў магла быць прадметам дамоўленасьцяў паміж амэрыканскім і беларускім урадавым бакамі, ці можа быць тымі дамоўленасьцямі, якія мелі кожны з вызваленых з беларускімі спэцслужбамі. Таму пачакаем сапраўды, калі людзі змогуць камунікаваць больш спакойна і тады будзе зразумела, ці гэта прынцыповая пазыцыя.

Раднянкоў: Калі мы зь імі размаўлялі, то і ад Віктара Дзьмітрыевіча, і ад Марыі, і ад Максіма мы чулі словы, што яны ня хочуць нэгатыўна паўплываць на працэс вызваленьня людзей. Бабарыка казаў на прэсавай канфэрэнцыі, што ў турме засталося яшчэ 1000 чалавек, у тым ліку і сын Бабарыкі. Я хацеў бы нагадаць нашыя дыскусіі ў дэмакратычнай супольнасьці, якая зараз знаходзіцца ў эміграцыі. Нехта казаў, што трэба яшчэ больш ціснуць, некаторыя, у тым ліку і вызваленыя палітвязьні, гэта казалі. Але былі і іншыя галасы, якія казалі, што гэтак гаварыць неэтычна. На падзяку Марыі зараз таксама падобныя розныя рэакцыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Часам лепей жаваць, чым гаварыць» і «Дайце прайсьці рэабілітацыю». Як у сацсетках рэагуюць на заявы былых беларускіх палітвязьняў

— Гэтым разам большую частку вызваленых вывезьлі ва Ўкраіну і прынамсі туды вывезьлі Віктара Бабарыку і Марыю Калесьнікаву. Так выглядае, што гэта было зроблена сьвядома. І на прэсавай канфэрэнцыі ўсім удзельнікам натуральна задавалі пытаньні пра вайну, пра ролю ў ёй Расеі. І ні Бабарыка, ні Калесьнікава, не асудзілі Расею, не крытыкавалі Расею, яны спаслаліся на недахоп інфармацыі, на тое, што яны існавалі ў рэжыме інкамунікада некалькі гадоў. Павал, на ваш погляд, гэта сапраўдная прычына? Ці, магчыма гэта палітычная пазыцыя? У рэшце рэшт і ў 2020 годзе я ня памятаю, каб Бабарыка і Калесьнікава крытыкавалі Расею.

Баркоўскі: Я ведаю, што гэтыя выказваньні спарадзілі вялікую хвалю абмеркаваньняў у інтэрнэце і сапраўды ёсьць розныя пазыцыі. Хтосьці бачыць у гэтым пацьверджаньне сваіх ранейшых дыягназаў пра прарасейскасьць гэтых палітыкаў. Ну а іншыя могуць гэта трактаваць усё ж як нежаданьне рабіць выразныя палітычныя крокі ў сытуацыі, калі яны самі яшчэ ня вельмі разумеюць, які іх далейшы палітычны лёс. Калі Віктар Бабарыка і яго каманда будуць спрабаваць гуляць па тых жа правілах, па якіх яны гулялі ў 20-м годзе, то бок дэманстраваць схільнасьць да камунікацыі з Расеяй, то, зразумела, ім трэба будзе ўстрымлівацца ад жорсткіх заяваў на адрас Расеі. Тым ня менш, сёньня была тэлефонная гутарка вызваленых беларускіх палітвязьняў з прэзыдэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім. І ён падзякаваў, у тым ліку і Бабарыку, за прынцыповую пазыцыю і падтрымку Украіны ў гэтай вайне. Я ня ведаю, што было сказана падчас гэтай гутаркі, можа нешта іншае ў параўнаньні са сказаным на прэсавай канфэрэнцыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вы церпіце ад агрэсіі і цалкам маеце рацыю». Беларускія палітвязьні ў размове зь Зяленскім запэўнілі аб падтрымцы Ўкраіны

Раднянкоў: Як сказаў Павал, сёньня была тэлефонная гутарка вызваленых палітвязьняў з прэзыдэнтам Зяленскім. Мы там яшчэ раз паўтарылі нашую пазыцыю. І яна гучала такім чынам, што ва ўкраінскага боку пытаньняў не засталося. І Зяленскі сапраўды падзякаваў палітвязьняў за іх пазыцыю адносна вайны. Насамрэч нашая пазыцыя была агучаная яшчэ ў сакавіку 2022 году. Тады яшчэ адвакаты маглі хадзіць да Віктара Бабарыкі. Ён празь іх перадаў сваю пазыцыю, мы яе апублікавалі яшчэ тады. Некаторыя людзі ў Фэйсбуку пішуць, што не магла інфармацыя не даходзіць да вязьняў нават у рэжыме інкамунікада. Але адна справа — інфармацыя пра тое, што ідзе вайна, і зусім іншае — гэта як яна ідзе. Немагчыма зразумець, седзячы ў беларускай турме, зразумець, што такое вайна ва Ўкраіне. Мы прасілі ўкраінскі бок, каб нашыя прадстаўнікі не ўдзельнічалі ў гэтай прэсавай канфэрэнцыі, мы яе не арганізоўвалі і нашыя прадстаўнікі ня мелі жаданьня ў ёй удзельнічаць. Гэта быў ня той момант, калі варта было яе ладзіць. Пра гэта многія пішуць. Але іншыя пачалі ўжо рабіць далёкасяжныя высновы са словаў, сказаных у сытуацыі, вельмі складанай для ўдзельнікаў прэсавай канфэрэнцыі.

***

Разам з гасьцямі Юры Дракахруст спрабуе зразумець сэнсы таго, што адбываецца ў беларускай і сусьветнай палітыцы, прааналізаваць тэндэнцыі, якія хаваюцца за інфармацыйным шумам, заглянуць у невядомую будучыню.