У Беларусі ня будуць плаціць пэнсію колішнім дзяржаўным службоўцам, калі яны працягваюць працаваць

Ілюстрацыйнае фота

Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі адразу ў двух чытаньнях ухваліла законапраект аб зьменах законаў у пытаньнях пэнсійнага забесьпячэньня.

Як адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні, дакумэнт падалі міністарка працы і сацыяльнай абароны Натальля Паўлючэнка і сябра пастаяннай камісіі працы і сацыяльных пытаньняў Георгі Хлябовіч.

Палажэньні гэтага законапраекту карэктуюць нормы законаў «Аб пракуратуры» і «Аб дзяржаўнай службе», паводле якіх спыняецца выплата пэнсіяў за выслугу гадоў дзяржаўным цывільным службоўцам падчас іхнай дзяржаўнай службы, работы паводле працоўнай дамовы або ў пэрыяд, цягам якога яны зьяўляюцца індывідуальнымі прадпрымальнікамі, адвакатамі, натарыюсамі.

«У выніку ўнясеньня зьменаў выплата пэнсіі за выслугу гадоў у сувязі з работай будзе прыпыняцца да дасягненьня пэнсіянэрам агульнавызначанага пэнсійнага ўзросту, а пасьля дасягненьня гэтага ўзросту — выплачвацца ў поўным аб’ёме незалежна ад факту работы», — патлумачылі ў Палаце прадстаўнікоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі працягвае працаваць кожны пяты пэнсіянэр

Паэтапнае павышэньне пэнсійнага ўзросту, згодна з указам Лукашэнкі, пачалося з 1 студзеня 2017 году. З таго часу да сьнежня 2022-га яго павялічвалі на шэсьць месяцаў кожныя паўгода, пакуль пэнсійны ўзрост не дасягнуў 63 гадоў для мужчын і 58 гадоў для жанчын. Аналягічна павялічылі ўзрост, які дае права на льготныя працоўныя пэнсіі і пэнсіі за выслугу гадоў.

Працоўных пэнсіянэраў з пачатку 2025 году пабольшала на 15 тысяч чалавек. З агульнай колькасьці 2,4 мільёна пэнсіянэраў у Беларусі 472 тысячы працягваюць працаваць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жыхары памежных з Украінай раёнаў просяць улады ўлічваць іх украінскі стаж пры налічэньні пэнсіяў