Сьцісла
- Паколькі санкцыі ЭЗ не адмененыя і літоўскі порт Клайпеда закрыты для экспарту беларускага калію, то ягоная экспартная лягістыка застаецца ня вельмі выгоднай.
- Ня выйшлі на волю палітвязьні, пра вызваленьне якіх дамовіліся Варшава і Менск. Груба кажучы, Лукашэнка «кінуў» палякаў.
- Менск вырашыў вывесьці асноўную частку вызваленых ва Ўкраіну, каб зьменшыць інфармацыйны эфэкт і не падвышаць ролю Офісу Ціханоўскай.
- Паводле рэжыму Лукашэнкі, вызваленьне Віктара Бабарыкі павінна разбурыць існую канфігурацыю інстытутаў беларускай апазыцыі ў выгнаньні.
Які эфэкт ад спыненьня санкцый па калію?
Перамовы паміж Аляксандрам Лукашэнкам і спэцпрадстаўніком ЗША па Беларусі Джонам Коўлам былі напружанымі, цягнуліся два дні. Іх вынікам стала ўгода: вызваленьне 123 палітзьняволеных у абмен на зьняцьце санкцый з беларускага калію.
Якія эканамічныя дывідэнды атрымае афіцыйны Менск ад «зьдзелкі» ў справах паставак калію? У дасанкцыйны пэрыяд доля Беларусі на сусьветным рынку складала каля 20%, а пасьля ўвядзеньня санкцый скарацілася да 6% (у 2024 годзе).
Цяперашняя ўгода можа прывесьці да двух наступстваў.
Па-першае, Беларусь зможа прадаваць калій у ЗША. Да санкцый на долю ЗША прыходзілася ўсяго каля 4-4,5% экспарту «Беларуськалія». Няшмат.
Па-другое, спажыўцы беларускага калію больш ахвотна стануць яго купляць, бо ня будуць баяцца амэрыканскіх другасных санкцый. Напрыклад, Індыя ў свой час была важным пакупніком калійных угнаеньняў зь Беларусі, а з пачаткам вайны ва Ўкраіне спыніла імпарт гэтага тавару. Цяпер, імаверна, яна вернецца да даваеннага статус-кво.
Аднак, санкцыі ЭЗ не адмененыя. Гэта значыць, літоўскі порт Клайпеда закрыты для экспарту беларускага калію. Таму ягоная экспартная лягістыка застаецца ня вельмі выгоднай, і вялікага эфэкту чакаць ня варта. Прынамсі пакуль.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Алесь Бяляцкі ўпершыню за тры гады сустрэўся з жонкай. ВІДЭАКаго вызвалілі і ня вызвалілі
Што тычыцца самага вялікага вызваленьня палітвязьняў у гісторыі Беларусі. Сярод 123 чалавек, якія выйшлі на волю, ёсьць грамадзяне васьмі краін: ад Аўстраліі да Японіі. Рэжым Лукашэнкі адмыслова назьбіраў людзей з усяго сьвету, каб мець запас для гандлю. Бо, як высьветлілася, гэты «тавар» добра прадаецца на сусьветным рынку.
Рэжым выставіў умову, што ўсе вызваленыя выганяюцца з Беларусі за мяжу. Умовай ЗША, відавочна, было тое, каб сярод вызваленых былі вядомыя асобы.
У выніку быў вызвалены галоўны прэтэндэнт на прэзыдэнцкую пасаду ў 2020 годзе Віктар Бабарыка, чальцы ягонай каманды Марыя Калесьнікава, Максім Знак. Выйшлі на свабоду лідэры праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі (нобэлеўскі ляўрэат), Уладзь Лабковіч, а таксама знакавыя фігуры — Марына Золатава, Аляксандар Фядута, Павал Севярынец.
Ня менш важна адзначыць, каго няма сярод вызваленых. Ня выйшаў на волю сын Віктара Бабарыкі Эдуард. Ён застаецца ў закладніках, каб трымаць бацьку на кручку, зьвязаць яму рукі. Таксама ня вызвалены намесьнік Бяляцкага Валянцін Стэфановіч.
Але галоўная нечаканасьць здарылася з палітвязьнямі, вызваленьне якіх лабіяваў польскі бок. Ня выйшлі на свабоду манах Гавэл, якога беларускія ўлады абвесьцілі шпіёнам, журналісты Белсату, у прыватнасьці Каця Андрэева, і, што асабліва заўважна, Анджэй Пачобут. Пра тое, што на гэты конт былі адмысловыя дамоўленасьці паміж Варшавай і Менскам, паведамляў сам Лукашэнка. Ён казаў, што гатовы да ўгоды з палякамі, узгадваў прозьвішча Пачобута. Польскі бок сваю частку дамовы выканаў, адкрыўшы два памежныя пераходы. Атрымліваецца, што Лукашэнка, груба кажучы, «кінуў» палякаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Важна дабівацца вызваленьня ўсіх». Што Бяляцкі, Калесьнікава, Бабарыка і Золатава сказалі пасьля вызваленьняЛягістычны фінт
Гэтым разам беларускія ўлады зрабілі такі своеасаблівы лягістычны фінт. Раней усіх вызваленых палітвязьняў перавозілі ў Літву. Аднак цяпер у Вільню прыехалі толькі 9 чалавек. Астатніх 114 вязьняў павезьлі ва Ўкраіну. Гэта было нечакана для ўсіх — здаецца, і для амэрыканцаў. У чым сэнс гэтага фінту? Тут наклалася некалькі чыньнікаў.
Найперш, беларускі рэжым вырашыў стварыць дадатковыя праблемы вызваленым палітвязьням. Бо ў Вільні створаная пэўная інфраструктура для прыёму гэтых людзей, узгодненая зь літоўскімі ўладамі. Маецца на ўвазе і вырашэньне праблемы легалізацыі, і жытла. Тут назьбіралі грошы, каб людзям было за што жыць першым часам. Ва Ўкраіне, якая ў стане вайны, з усім гэтым цяжэй, былым вязьням давядзецца ехаць празь межы ў краіны ЭЗ.
Вываз палітвязьняў ва Ўкраіну павінен, паводле лёгікі беларускіх уладаў, зьменшыць інфармацыйны эфэкт. Бо ў Вільні іх чакалі шматлікія журналісты, а таксама лідэры апазыцыі на чале зь Сьвятланай Ціханоўскай. Беларускія ўлады не хацелі, каб гэтае вызваленьне неяк было зьвязана зь дзейнасьцю Офісу Ціханоўскай, каб не падвышаць іхнюю ролю ў гэтым працэсе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Карбалевіч пра вызваленьне палітвязьняў і зьняцьцё санкцый зь БеларуськаліяХод Бабарыкам
Нарэшце, украінскі кірунак зьвязаны з асобай Віктара Бабарыкі. З часоў прэзыдэнцкай кампаніі 2020 году за ім замацаваўся імідж прарасейскага палітыка, бо ён доўгі час быў кіраўніком Белгазпрамбанку. І цяпер беларускія ўлады вырашылі неяк сапсаваць гэты імідж, умоўна кажучы. «Замазаць» яго ўкраінскім бэкграўндам. Ва Ўкраіне вызваленых вязьняў сустракаў кіраўнік выведкі Кірыл Буданаў — культавая фігура ўкраінскага супраціву расейскай агрэсіі. Сам Уладзімір Зяленскі пагаварыў з Марынай Калесьнікавай. Такім чынам, афіцыйны Менск імкнуўся да таго, каб зрабіць Бабарыку абсалютна таксычнай фігурай для Расеі, калі раптам у Маскве ўзьніклі б нейкія патаемныя пляны пагуляць зь фігурай былога банкіра. Таму прэсавая сакратарка Лукашэнкі Натальля Эйсмант прыдумала вэрсію, нібыта палітвязьняў абмянялі на параненых расейцаў і палонных беларусаў, якія ваявалі за Расею.
Увогуле, паводле плянаў афіцыйнага Менску, гульня фігурай Бабарыкі мае быць шматхадовай. Яна павінна разбурыць канфігурацыю інстытутаў беларускай апазыцыі ў выгнаньні, стварыць штучную канкурэнцыю, унесьці разлад у дзейнасьць апанэнтаў. І дасюль «бабарыкінцы» знаходзіліся ў мяккай апазыцыі да дзейнасьці Офісу Ціханоўскай. Ці паспрабуе «цяжкавагавік» Бабарыка аспрэчыць статус Сьвятланы ці Паўла Латушкі? Пакуль тут шмат невядомага.
У любым выпадку на кароткі час перамовы ў Менску і вызваленьне 123 палітвязьняў уздымуць інфармацыйную хвалю вакол Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вызваленыя палітвязьні ва Ўкраіне. Што далей? Спэцыяльны эфірРазрыў у палітыцы ЗША і ЭЗ адносна Беларусі павялічваецца
Джон Коўл анансуе вызваленьне тысячы палітвязьняў. Вашынгтон адмяняе санкцыі. Брусэль жа ўводзіць новыя абмежаваньні.
Пакуль мала зразумела, як менскія перамовы паўплываюць на вырашэньне канфлікту паміж Беларусьсю і Літвой. Паводле Коўла, Лукашэнка абяцаў спыніць атакі кантрабанднымі балёнамі.
Але ён таксама шмат чаго абяцаў палякам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МЗС Літвы: Эўропа не разглядае пытаньня пра адмену санкцый у дачыненьні да Беларусі