У «Беларусбанку» параілі запасьціся гатоўкай: у канцы сьнежня сем дзён будуць мяняць праграмнае забесьпячэньне

Адно з аддзяленьняў «Беларусбанку» ў Менску. Архіўнае фота

У «Беларусбанку» паведамілі аб абмежаваньні вялікага пераліку паслуг для фізычных і юрыдычных асобаў праз маштабнае абнаўленьне праграмнага забесьпячэньня, якое будуць праводзіць з 22 да 29 сьнежня.

«Пры неабходнасьці правядзеньня разьлікаў рэкамэндуем у гэты пэрыяд мець наяўныя грашовыя сродкі», — адзначаецца ў паведамленьні банку.

У прыватнасьці, у гэты пэрыяд для фізычных асобаў будуць недаступныя:

  • афармленьне пэрсаналізаваных плацёжных картак,
  • выпуск і перавыпуск плацёжных і крэдытных картак.


З 24 сьнежня з 14:00 будуць недаступныя:

  • афармленьне заявак на крэдыты,
  • заключэньне крэдытных дамоў,
  • афармленьне і прыём заяў у пытаньнях суправаджэньня крэдытаў,
  • пералічэньне грашовых сродкаў па крэдытах,
  • апэрацыі па ўкладах і бягучых рахунках,
  • блякаваньне і разблякаваньне плацёжных картак і інш.


27 сьнежня з 01:00 да 10:00 і 28 сьнежня з 01:00 да 10:00) магчыма перапынак у працы картак і сэрвісаў зь іх выкарыстаньнем у Беларусі і за мяжой, а таксама картак іншых банкаў у банкаматах і інфакіёсках Беларусбанку.

У банку падкрэсьлілі, што ўвесь час правядзеньня тэхналягічных работ будуць даступныя асноўныя апэрацыі: аплата пакупак, пераводы з карткі на картку, зьняцьце гатоўкі, прагляд балянсу, а таксама аплата паслуг пра сыстэму ЕРІП, за выключэньнем паслуг Беларусбанку.

Юрыдычным асобам параілі сфарміраваць і накіраваць сьпісы на залічэньне сродкаў у межах абслугоўваньня заробкаў да 14:00 24 сьнежня.

Як і фіычным, юрыдычным асобам з 22 да 24 сьнежня таксама спыняць афармленьне пэрсаналізаваных карпаратыўных картак.

27 сьнежня (01:00-10:00) і 28 сьнежня (01:00-10:00) магчымы перапынак у ажыцьцяўленьні апэрацый з выкарыстаньнем картак «Беларусбанку» і іншых банкаў у арганізацыях, што находзяцца на эквайрынгавым абслугоўваньні, а таксама ў працы карпаратыўных картак у Беларусі і за мяжой.

Пераход на новае праграмнае забесьпячэньне плянуюць завяршыць 29 сьнежня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праз санкцыі звузяцца банкаўскія сэрвісы, падаражэюць цыгарэты. Што яшчэ зьменіцца ў Беларусі з 1 сьнежня