Дазвол праводзіць міжнародныя спартовыя спаборніцтвы ў Беларусі паспрыяе зьніжэньню рэпрэсій і вызваленьню палітвязьняў, — Апейкін

Аляксандар Апейкін

Міжнародны алімпійскі камітэт на сваім саміце 11 сьнежня зьняў забарону на правядзеньне міжнародных спаборніцтваў у Беларусі.

«Міжнародныя фэдэрацыі павінны працягваць устрымлівацца ад арганізацыі або падтрымкі міжнародных спартыўных мерапрыемстваў у Расеі. Гэтая рэкамэндацыя больш не распаўсюджваецца на Беларусь», — гаворыцца ў апублікаванай справаздачы Міжнароднага алімпійскага камітэту.

Пры гэтым санкцыі супраць дзяржаўных службоўцаў застаюцца ў сіле. Іх па-ранейшаму нельга запрашаць ці даваць ім акрэдытацыю на міжнародныя спаборніцтвы і сустрэчы — ні дарослыя, ні юнацкія. Пра тое, чаму было прынятае такое рашэньне Міжнародным алімпійскім камітэтам і ці можна гэта разглядаць у рэчышчы працэсу вызваленьня палітвязьняў, пагутарылі з выканаўчым дырэктарам Беларускага фонду спартовай салідарнасьці Аляксандрам Апейкіным.

— Гэта адбылося пасьля сумеснай онлайн-канфэрэнцыі, якая адбылася літаральна два тыдні таму паміж Нацыянальным алімпійскім камітэтам Беларусі і кіраўніцтвам Міжнароднага алімпійскага камітэту. Я думаю, гэтае пытаньне абмяркоўвалася. Гэта такі мэсыдж, ён дэкляратыўны, бо фактычна забароны і не было. Была проста рэкамэндацыя Міжнароднага алімпійскага камітэту не праводзіць такія спаборніцтвы, хаця некаторыя міжнародныя спаборніцтвы ў Беларусі па некаторых відах спорту ўсё ж праводзіліся.

Гэта не азначае, што заўтра адразу пачнуць праводзіць у Беларусі нейкія форумы, спаборніцтвы ці міжнародныя мерапрыемствы. Гэта фактычна сыгнал міжнародным фэдэрацыям, што такой рэкамэндацыі зараз ужо няма. Трэба разумець, што гэтае рашэньне аб скасаваньні правядзеньня міжнародных мерапрыемстваў прымалі самастойна міжнародныя фэдэрацыі ў першую чаргу.

— Ці можна зьвязаць гэтае рашэньне з тымі перамовамі, якія цяпер адбываюцца паміж прадстаўнікамі прэзыдэнта Трампа і ўладамі ў Менску, а таксама з пэўным пацяпленьнем адносінаў паміж Беларусьсю і Злучанымі Штатамі? Ці гэта агульны трэнд, ці гэта абсалютна асобны трэк?

— Гэта асобны трэк, я б ня зьвязваў гэта наўпрост. Я думаю, што з улікам усіх працэсаў, якія адбываюцца, гэта больш станоўчы сыгнал. Мы павінны памятаць, што нізкі ўзровень рэпрэсій у Беларусі з 2010 па 2020 гады якраз такі быў зьвязаны з тым, што ўлады трымаліся за магчымасьць праводзіць міжнародныя спаборніцтвы, міжнародныя мерапрыемствы. Якраз статус такой пляцоўкі для буйных спартовых падзей утрымліваў улады ад масавых рэпрэсій. То бок, калі такія мерапрыемствы пачнуць вяртацца ў Беларусь, я перакананы, што гэта адаб’ецца на ўзроўні рэпрэсій, таму што ўлады будуць глядзець на імідж, яны будуць спрабаваць не сапсаваць гэты імідж, яны будуць трымацца за гэтую магчымасьць праводзіць міжнародныя спаборніцтвы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міжнародны алімпійскі камітэт дазволіў праводзіць спаборніцтвы ў Беларусі