Мабільны апэратар Life правёў рэбрэндынг, у выніку якога з мабільнай аплікацыі зьнікла беларуская мова

Мабільны дадатак кампаніі Life

На сайце кампаніі таксама няма беларускай мовы.

Кампанія Life абвясьціла маштабны рэбрэндынг 3 сьнежня 2025 году. Цяпер кампанія сябе пазыцыянуе як лічбавы, а не мабільны апэратар.

Трансфармацыя маркі закранула гандлёвыя сеткі і IT-інфраструктуру кампаніі, якая цяпер дэкляруе, што яе сэрвісы аб’яднаныя ў сыстэму.

Праграма для мабільных тэлефонаў «становіцца супэрапам», заявіла кампанія. Цяпер аплікацыя называецца ня «Мой Life», а проста Life.

«Нэймінг падкрэсьлівае пераход ад сэрвісу самаабслугоўваньня да адзінай лічбавай прасторы, у якой абʼяднаныя сувязь, фінансы, пакупкі і забавы ў адзінай экасыстэме — безь пераходаў на вонкавыя сэрвісы».

Пры гэтым карыстальнікі аплікацыі заўважылі і ў камэнтарах напісалі пра «поўную адсутнасьць беларускай мовы ў абноўленым дызайне кампаніі life, яе вэб-сайту і афіцыйных праграмаў».

«Буду пераносіць свае нумары ў МТС. Там хоць ня ўсё ідэальна таксама, але нейкая падтрымка ёсьць. Проста не ўяўляю сытуацыі, каб такое было ў нейкай іншай эўрапейскай краіне», — напісаў адзін з абанэнтаў кампаніі.

Многія палічылі гэты водгук карысным. Life адказала на яго па-беларуску:

«Вітаем! Мы працуем над тым, каб зрабіць поўны пераклад на беларускую мову. Калі вы заўважылі памылкі, напішыце нам. Мы заўсёды рады зваротнай сувязі і абавязкова ўсё выправім. На сайце мы таксама плянуем дадаць беларускую мову. Дзякуем, што падзяліліся сваім меркаваньнем. Мы пастараемся зрабіць усё магчымае, каб вы засталіся ў нашай сетцы».

Такія абяцаньні кампанія давала і раней, але яны засталіся нявыкананымі. З камэнтароў на пляцоўцы Google Play відаць, што праблемы зь беларускай мовай у аплікацыі Life узьнікалі і раней.

Ёсьць камэнтары карыстальнікаў пра тое самае ў 2022 годзе. Кампанія абяцала выправіцца, але наступныя камэнтары паказалі, што сытуацыя моцна не зьмянілася.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мабільныя апэратары Беларусі з 1 красавіка ўвялі базавы сацыяльны тарыф. Параўноўваем цэны