Праваабаронцам вядома пра сама меней 50 чалавек, якіх у Беларусі вінавацяць ва «ўдзеле або падрыхтоўцы да ўдзелу ў вайсковых дзеяньня грамадзяніна Рэспублікі Беларусь на тэрыторыі іншаземнай дзяржавы без упаўнаважаньня дзяржавы» (артыкул 361-3 Крымінальнага кодэксу).
Аднак ня ўсе гэтыя людзі ваявалі ва Ўкраіне і цяпер апынуліся за кратамі ў Беларусі. Сярод іх ёсьць тыя, хто ахвяраваў грошы на патрэбы ўкраінскага боку ў вайне; хто нібыта хацеў паехаць на вайну, але не даехаў; а таксама тыя, каго асудзілі завочна, бо яны за мяжой.
Хацелі паехаць на вайну, але не даехалі
Тых, хто ахвяраваў грошы на патрэбы палку Каліноўскага ці іншых украінскіх падразьдзелаў, абвінавачвалі паводле другой часткі артыкулу 361-3. Іх у гэтай групе асуджаных большасьць. Да прыкладу, ІТ-спэцыялісту Ігару Караткову далі пяць гадоў калёніі за данат палку Каліноўскага ў 9 эўра.
За «ўдзел або падрыхтоўку да ўдзелу ў вайсковых дзеяньнях на тэрыторыі іншаземнай дзяржавы» таксама судзілі людзей, якія нібыта толькі зьбіраліся паехаць на вайну, але не даехалі. Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», іх прынамсі 15 чалавек, паводле ініцыятывы dissidentby — 30.
Іх прафэсіі ці заняткі розныя: і мастак, і праграміст, і пэдагог, і студэнт. Сярод іх ёсьць і ўраджэнец Украіны Павал Абозны, і ўраджэнец Расеі Міхаіл Лістападаў. Частку такіх добраахвотнікаў затрымлівалі проста на ўкраінскай мяжы.
Ім давалі тэрміны два-тры гады пазбаўленьня волі, калі не было іншых абвінавачаньняў. Гэтыя людзі ўжо выйшлі на волю. Калі дадавалі іншыя закіды, прыкладам, за ўдзел у пратэстах ці абразы чыноўнікаў, то тэрмін павялічвалі да 4–5 гадоў.
Аднак, да прыкладу, 22-гадовага студэнта акадэміі Міністэрства ўнутраных справаў Ільлю Нарышкіна абвінавацілі яшчэ і ў «здрадзе дзяржаве». Яго асудзілі на 15 гадоў калёніі.
Буйны тэрмін — 10 гадоў калёніі — атрымаў 20-гадовы Даніла Гарасім зь Менску. Пра лёс хлопца стала вядома з прапагандысцкага фільму на АНТ. Яго абвінавацілі ў тым, што ў канцы 2023 году ён нібыта сфатаграфаваў вайсковую тэхніку ў Асіповічах і перадаў здымкі спэцслужбам Украіны. Яму інкрымінавалі таксама спробу далучыцца да палку імя Каліноўскага. У фільме АНТ паказалі, што Даніла нібыта хацеў перадаць «башмак», каб пусьціць цягнік пад адхон. Хлопца абвінавацілі ў тым ліку ў «спробе здрады дзяржаве».
Завочныя прысуды да 25 гадоў
Частку беларускіх добраахвотнікаў, якія ваявалі або надалей ваююць на баку Ўкраіны, судзілі завочна, у парадку так званага спэцыяльнага вядзеньня. Яны за мяжой, іх сама меней дзесяць чалавек.
Сярод іх былы мэдык палку Каліноўскага Анастасія «Север» Махамед. Ёй прысудзілі 18 гадоў калёніі. Добраахвотніку Паўлу Кулажанку далі 24 гады, Яну Мельнікаву, Ігнату Граноўскаму, Арцёму Бігелю — па 20 гадоў, Вячаславу Граноўскаму — 12 гадоў завочна.
Анастасія Махамет, фота з прыватнага архіву
Восем «каліноўцаў» судзілі завочна цэлай групай, але прысуды многім зь іх невядомыя.
Завочна судзілі і былога намесьніка камандзіра палку «Пагоня» Вадзіма Пракоп’ева. Яму далі найбольшы тэрмін — 25 гадоў узмоцненага рэжыму.
Да 13 гадоў зьняволеньня
Вядома ўсяго некалькі чалавек, якіх затрымалі і асудзілі ў Беларусі за вайну на баку Ўкраіны. Ім далі тэрміны ад пяці да 13 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Ня ўсе зь іх ваявалі ў палку Каліноўскага.
Васіль Верамейчык, 35 гадоў
Прысуд: 13 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму
Затрымалі 14 лістапада 2024 году ў Віетнаме
Васіль Верамейчык — выпускнік Вайсковай акадэміі Беларусі. Ваяваў у складзе палку Каліноўскага на баку Ўкраіны, быў намесьнікам камандзіра батальёну «Волат». Пасьля заканчэньня службы спрабаваў легалізавацца ў Літве, аднак яго аб’явілі «пагрозай нацыянальнай бясьпецы» і забаранілі ўяжджаць у краіну. Таксама яго зь невядомых прычын не пусьцілі ва Ўкраіну, калі ён спрабаваў зноў туды трапіць.
Верамейчык паехаў у Віетнам, дзе яго затрымалі і перадалі ўладам Беларусі. Яго судзілі паводле 12 крымінальных артыкулаў, у тым ліку за ўдзел або падрыхтоўку да ўдзелу грамадзяніна Рэспублікі Беларусь «на тэрыторыі іншаземнай дзяржавы ў вайсковых дзеяньнях без упаўнаважаньня дзяржавы» (артыкул 361-3 Крымінальнага кодэксу Беларусі), а таксама за ўдзел у Каардынацыйнай радзе. Праваабаронцы прызналі Верамейчыка палітвязьнем.
Васіль Верамейчык (зьлева) у зоне баявых дзеяньняў. Фота з прыватнага архіву
Паводле Генэральнай пракуратуры Беларусі, Верамейчык ваяваў з сакавіка па чэрвень 2022 году ў складзе палку Каліноўскага. Як адзначылі ў пракуратуры, каліновец ня меў паўнамоцтваў на вайну ва Ўкраіне ад Рэспублікі Беларусь, акрамя таго, нібыта вэрбаваў іншых на вайну.
Вызвалены палітвязень Юры Зянковіч расказваў раней «Нашай ніве», што правёў чатыры месяцы ў адной камэры з Васілём — у СІЗА КДБ. Паводле яго, да Верамейчыка стасавалі фізычны гвалт, каб прымусіць яго даць інтэрвію беларускаму дзяржаўнаму тэлеканалу. Інтэрвію з былым каліноўцам паказалі на БТ у студзені 2025 году.
Васіль Грачыха, 44 гады
Прысуд: 5 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму
Затрымалі 1 траўня 2025 году невядома дзе
Васіль Грачыха ваяваў за Ўкраіну ў складзе палку Каліноўскага менш за месяц — з канца траўня па пачатак чэрвеня 2022 году. Такую інфармацыю дае і прэс-служба палку Каліноўскага, і Генэральная пракуратура Беларусі. Яму, як і Верамейчыку, сілавыя органы закідалі тое, што ён ваяваў «без упаўнаважаньня дзяржавай».
Дзе яго затрымалі, невядома. Дзяржаўная тэлевізія паказвала сюжэт, у якім яго нібыта затрымалі ў балоцістай мясцовасьці некалькі супрацоўнікаў КДБ з аўтаматамі, а перавозілі гелікоптэрам зь мяшком на галаве. Паводле БТ, Грачыха ў пачатку 2022 году паехаў на заробкі ў Польшчу, а адтуль ужо трапіў ва Ўкраіну. На камэру добраахвотніка дапытваў начальнік Сьледчага ўпраўленьня КДБ Канстанцін Бычак. Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», Грачыха мае сельскагаспадарчую адукацыю.
Максім Ралько
Прысуд: 10 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму
Затрымалі 18 лістапада 2024 году на польскай мяжы
Максім Ралько з пазыўным «Сьцяганосец» служыў у палку Каліноўскага з 2022 па пачатак 2024 году. Калі ён паехаў на вайну, яму быў 21 год.
Пасьля службы паехаў у Польшчу, вывучаў тэставаньне ў IT, працаваў ахоўнікам у краме. Празь некалькі месяцаў пасьля пераезду ў Польшчу, як пісала «Мэдыязона», Максім пасварыўся зь сябрамі і зьнік. Выйшаў на сувязь у траўні 2024 году, сказаў, што падае заяву на ўцякацтва ў Нямеччыне, а пазьней паведаміў, што зьбег зь лягеру для ўцекачоў і пакінуў там усе свае дакумэнты.
Ралько затрымалі ў 2024 годзе пры ўезьдзе ў краіну празь беларуска-польскую мяжу ў пункце пропуску «Берасьце».
Паводле Генэральнай пракуратуры, Ралько «без упаўнаважаньня дзяржавы ўзяў удзел ува ўзброеным канфлікце і ваенных дзеяньнях на тэрыторыі Ўкраіны і вэрбаваў іншых асобаў з гэтай мэтай». Акрамя таго, яго вінавацілі ў тым, што ён нібыта спрабаваў «захапіць уладу ў Беларусі» і «спрыяў экстрэмісцкай дзейнасьці».
Дзьмітры Жунусаў, 35 гадоў
Затрымалі 21 кастрычніка 2021 году
Прысуд: 2,5 году калёніі агульнага рэжыму
Дзьмітрыя Жунусава судзілі за «найміцтва» яшчэ да пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну. Жунусаў нарадзіўся ў Пінску. Шмат гадоў пражыў ва Ўкраіне, ажаніўся там з украінкай, нарадзілася дачка. Дзьмітры не служыў у беларускім войску, а ва Ўкраіне яго ўзялі ва Ўзброеныя сілы, у службу забесьпячэньня. Ён ахоўваў вайсковы склад. Там, на мяжы паміж самаабвешчанымі ДНР/ЛНР і падкантрольнай Украіне тэрыторыяй, працаваў з сакавіка па кастрычнік 2021 году.
Калі Дзьмітры згубіў беларускі пашпарт, у беларускай амбасадзе ў Кіеве яму выдалі часовы дакумэнт і параілі зрабіць паўнавартасны пашпарт у Беларусі. Жунусаў вярнуўся на радзіму ў 2021 годзе. Адразу пасьля перасячэньня мяжы яго затрымалі. Дзьмітрыя асудзілі за «найміцтва» (частка 1 артыкулу 361-3 КК РБ) і службу ва ўкраінскім войску на 2,5 году калёніі агульнага рэжыму. «Вясна» прызнала яго палітвязьнем. Ён ужо меўся выйсьці на волю.
Абмен
У лістападзе Беларусь перадала Ўкраіне 31 асуджанага украінца, усе вызваленыя праз памілаваньне. Як заяўлялі ў Галоўным упраўленьні выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны, большасьць з іх абвінавачвалі ў падтрымцы сваёй краіны.
Як адзначыў юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Павал Сапелка у камэнтары Свабодзе, ня ўсе, каго вызвалілі ў гэтай групе, — ахвяры палітычнага перасьледу. Ён дадаў, што «Вясна» з дапамогай украінскіх праваабарончых арганізацыяў робіць намаганьні для вызваленьня палітзьняволеных, у тым ліку асуджаных за вайну ва Ўкраіне.
Павал Сапелка
Прадстаўніца праваабарончай ініцыятывы Dissidentby Марына Касінерава выказала Свабодзе думку, што абмяняць зьняволеных у Беларусі добраахвотнікаў у складзе абмену ваеннапалоннымі з Расеяй было б складаным рашэньнем для Ўкраіны.
«Ваеннапалонныя беларусы пакуль не вярнуліся ва Ўкраіну ў межах абмену. Украінскія праваабарончыя арганізацыі кажуць пра складанасьці вяртаньня сваіх цывільных грамадзян, а тут гаворка пра грамадзян Беларусі, якія знаходзяцца ў турмах Беларусі. Як мы бачым на практыцы, другі раз вызвалілі зноў жа частку грамадзян Украіны, таму гэта выглядае больш рэальна», — камэнтуе Марына Касінерава.
Марына Касінерава, архіўнае фота
Яна дадала, што ініцыятыва Dissidentby як праваабаронцы рэгулярна дапамагае рыхтаваць сьпісы зьняволеных у Беларусі за антываенную дзейнасьць, (напрыклад, рэйкавых партызанаў) і грамадзянаў Украіны.
«Сьпісы наўпрост праз украінскіх праваабаронцаў або праз нашыя дэмакратычныя сілы трапляюць да ўкраінцаў на стол. Калі і да якіх вынікаў гэта прывядзе, цяжка сказаць, але мы спрабуем рабіць тое, што магчыма з нашага боку. Таму вельмі важна, каб людзі паведамлялі нам пра затрыманых сваякоў ці знаёмых, каб імёны гэтых людзей не згубіліся, якія б працэсы ні ішлі», — тлумачыць праваабаронца Dissidentby.