Праваабаронцы называюць гэта адным з самых цынічных інструмэнтаў ціску на палітычных вязьняў.
Артыкул 411 КК прадугледжвае крымінальную адказнасьць для ўжо асуджаных на зьняволеньне за «злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі».
Праваабаронцы прааналізавалі, супраць каго і за што найчасьцей ужываюць гэты артыкул.
Яны вывучылі практыку ўжываньня 411 артыкулу і прыйшлі да высновы, што ён стаў адным з самых цынічных інструмэнтаў ціску на палітычных вязьняў і помсты ім за актыўнасьць.
«Суды ў Беларусі ня лічаць патрэбным абгрунтоўваць прызнаньне вінаватым паводле 411 артыкулу нічым, акрамя простага пералічэньня нібыта зьдзейсьненых асуджаным парушэньняў правілаў унутранага распарадку, за якія ён ужо панёс адказнасьць. Як правіла, гэта нязначныя парушэньні формы адзеньня, вымушаныя або нязначныя парушэньні прадпісаньняў паводзінаў, як, напрыклад, сон у неналежны час або ў неналежным месцы з прычыны нізкай тэмпэратуры ноччу або хваробы», — заяўляюць праваабаронцы.
Таксама праваабаронцы высьветлілі, што часта прычынай пакараньня служыць адмова палітвязьняў выконваць пэўныя віды працы або займаць пэўныя месцы.
«На практыцы ўжываньне 411 артыкулу КК азначае, што якая-кольвечы дысцыплінарная правіна ў калёніі можа стаць падставай для новага тэрміну. Такім чынам, дзяржава парушае права на справядлівы судовы разбор», — адзначае юрыдычная служба праваабарончага цэнтру «Вясна».
У 2025 годзе пасьля адбыцьця пачатковых тэрмінаў не менш за 11 палітычных зьняволеных трымалі ў месцах пазбаўленьня волі нібыта за «злачынства», прадугледжанае артыкулам 411 Крымінальнага кодэксу. Гэта Вікторыя Кульша, якую ў калёніі ажно чатыры разы судзілі паводле арт. 411 КК, Паліна Шарэнда-Панасюк — першая палітзьняволеная жанчына, асуджаная паводле гэтага артыкулу, Ягор Ібрагімаў, Сяргей Дзяцук, Уладзімер Кніга, Дзьмітры Казлоў, Павел Сьпірын, Мікалай Дзядок, Андрэй Маслаў, Зьміцер Дашкевіч.
Цягам году частку гэтых палітвязьняў вызвалілі, але адразу выправадзілі зь Беларусі. Гэта Паліна Шарэнда-Панасюк, Зьміцер Дашкевіч, Дзьмітры Казлоў, Мікалай Дзядок.
На сёньня толькі на падставе прысуду паводле артыкулу 411 КК у няволі трымаюць некалькіх палітзьняволеных, гэта, сярод іншых, Вікторыя Кульша, Уладзімер Кніга, Алена Гнаўк, Павел Аўчароў, Мікіта Емяльянаў, Ягор Ібрагімаў. Некаторых, як фігуранта «справы Ціханоўскага» Ўладзімера Кнігу, трымаюць у рэжыме інкамунікада.
Якія міжнародныя стандарты парушае артыкул 411
Артыкул 411 КК парушае шэраг міжнародных праўных нормаў, але найперш праваабаронцы кажуць пра парушэньні розных артыкулаў Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах.
Гэтак, паводле юрыстаў «Вясны», артыкул 411 КК не адпавядае артыкулам 7 (права на свабоду ад катаваньняў або жорсткіх, бесчалавечных або прыніжальных для годнасьці відаў абыходжаньня ці пакараньня), 9 (права на свабоду і асабістую недатыкальнасьць) і 14 (права на справядлівы судовы разбор) Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах.
Артыкул 411 КК трактуе як злачынства зьдзяйсьненьне цягам году дысцыплінарнага парушэньня пасьля таго, як асуджанага за гэта ўжо каралі. Як адзначаюць юрысты, трымаючы чалавека ў месцах зьняволеньня за дысцыплінарную правіну, дзяржава парушае ў першую чаргу яго права на свабоду і асабістую недатыкальнасьць — артыкул 9 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах.
«Неаднаразовае прыцягненьне да адказнасьці і пакараньне дадатковымі тэрмінамі пазбаўленьня волі за „злоснае парушэньне правілаў адбыцьця пакараньня“ стварае для асуджанага непрадказальную сытуацыю, што прыносіць яму цяжкія пакуты. Такім чынам, прыцягненьне да адказнасьці паводле артыкулу 411 КК ёсьць адной з формаў жорсткага абыходжаньня і не адпавядае артыкулу 7 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах», — прыйшлі да высновы юрысты «Вясны».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вясна» прэзэнтавала фільм «Гэта мой тата» пра чаканьне палітвязьня з турмы. ВІДЭА ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 1000 дзён няма зьвестак пра Максіма Знака. Хто яшчэ з палітвязьняў застаецца ў рэжыме поўнай ізаляцыі