Радыяцыйныя аварыі на цывільных аб’ектах у Беларусі будуць расьсьледаваць ад 10 да 20 дзён

Ілюстрацыйнае фота

Міністэрства ў надзвычайных сытуацыях Беларусі зацьвердзіла інструкцыю аб парадку расьсьледаваньня абставінаў і прычын, што выклікалі радыяцыйныя аварыі і інцыдэнты.

Як адзначаецца ў апублікаванай на Нацыянальным праўным інтэрнэт-партале Беларусі пастанове ведамства, Дэпартамэнт па ядзернай і радыяцыйнай бясьпецы павінен правесьці расьсьледаваньне цягам 10 працоўных дзён ад моманту атрыманьня інфармацыі аб інцыдэнце.

У выпадку неабходнасьці запыту дадатковай праектнай, тэхнічнай і эксплуатацыйнай дакумэнтацыі расьсьледаваньне можа быць прадоўжана да 20 дзён.

Зацьверджаная інструкцыя не распаўсюджваецца на аб’екты Ўзброеных сіл Беларусі, якія выкарыстоўваюць крыніцы іянізавальнага выпраменьваньня. У выпадку радыяцыйных інцыдэнтаў на вайсковых аб’ектах расьсьледаваньне мусіць арганізаваць Міністэрства абароны Беларусі.

Крыніцы іянізавальнага выпраменьваньня выкарыстоўваюць таксама ў мэдыцыне, прамысловасьці і сельскай гаспадарцы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Шкодныя рэчывы на тысячы, а то і мільёны гадоў». Якія радыяактыўныя адкіды хочуць захоўваць у Беларусі і ў чым шкода гэтага