«Справаў будзе шмат». У ЗША зьявілася ініцыятыва Byaction, якая будзе дапамагаць беларускім палітуцекачам

Сядзіба Дэпартамэнту ўнутранай бясьпекі ЗША, ілюстрацыйнае фота

Беларускія актывісты ў ЗША заснавалі валянтэрскую ініцыятыву Byaction — каб дапамагаць уцекачам, якія знаходзяцца ў краіне легальна ў чаканьні палітычнага прытулку.

«Моманты, якія даходзілі да абсурду»

У ЗША ўсё часьцей затрымліваюць беларусаў, якія зьехалі туды з палітычных матываў і трапілі ў бюракратычную пастку. Людзі знаходзяцца ў чаканьні прытулку. Іхныя справы мелі трапіць у суд адміністрацыйнай управы кантролю іміграцыі (EOIR) Міністэрства юстыцыі, але замест гэтага апынуліся ў Службе грамадзянства і міграцыі (USCIS). Разгляд справаў ідзе гадамі. А 21 студзеня 2025 году былі пашыраныя паўнамоцтвы Дэпартамэнту ўнутранай бясьпекі (Department of Homeland Security) ЗША ў пытаньнях паскоранай дэпартацыі. І цяпер людзей, што чакаюць легалізацыі, могуць дэпартаваць.

Асацыяцыя беларусаў Амэрыкі ведае паўтара дзясятка выпадкаў, калі беларусаў затрымлівалі і зьмяшчалі ў так званыя «дэтэншэны» (detention center — месца часовага ўтрыманьня. — РС), пакуль ня будзе вырашаны лёс імігранта: даваць яму палітычны прытулак ці не даваць.

Сузаснавальнік ініцыятывы byaction.org, сябра галоўнай ўправы Асацыяцыі беларусаў у Амэрыцы Глеб Івашкевіч тлумачыць, што з прыходам у ЗША да ўлады рэспубліканцаў іміграцыйная палітыка стала больш жорсткай.

«Часам здараліся моманты, якія даходзілі да абсурду. І беларусы, якія знаходзяцца ў ЗША легальна, у працэсе чаканьня палітычнага прытулку, сутыкнуліся з тым, што іх могуць зьмясьціць у detention (міграцыйную турму), а пасьля дэпартаваць.

Так было з экс-лідэрам незалежнага прафсаюзу „Беларуськалію“ Анатолем Бокунам, актывістам Артурам Сянько ды іншымі. Было ўжо прынамсі 4 пасьпяховыя справы, калі людзей удалося вызваліць — дзякуючы зладжаным дзеяньням Асацыяцыі беларусаў у Амэрыцы, нашай ініцыятывы, Офісу Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднанага пераходнага кабінэту. А некаторыя беларусы дагэтуль знаходзяцца ў дэтэншэнах», — нагадвае спадар Івашкевіч.

Глеб Івашкевіч, сябра Галоўнай управы Асацыяцыі беларусаў Амэрыкі

Свабода пісала пра беларусаў Артура Сянько і Анатоля Бокуна месяц таму. На пачатку лістапада амэрыканскія суды прынялі рашэньне адмовіць у дэпартацыі ў Беларусь і даць палітычны прытулак гэтым двум беларускім актывістам.

Артура Сянько, які з жніўня 2021 году жыве ў Нью-Ёрку, працуе ў сфэры мэдыцыны і чакае разгляду сваёй справы, затрымалі 15 жніўня ў Дэпартамэнце ўнутранай бясьпекі, куды ён прыйшоў на позву разам з адвакатам. Два з паловай месяцы ён правёў у міграцыйных лягерах. У пачатку верасьня ў «дэтэншэн» быў зьмешчаны Анатоль Бокун, адзін зь лідэраў страйкаму «Беларуськалію», які таксама чакае разгляду сваёй справы. Дзякуючы падтрымцы беларускай дыяспары, ініцыятыве byaction.org іх удалося вызваліць.

Мэты і задачы Byaction

Глеб Івашкевіч тлумачыць, што мэта Byaction — падтрымаць людзей у складаны пэрыяд і паспрыяць іх бясьпецы, стабільнасьці.

Ініцыятыва будзе працаваць у некалькіх ключавых накірунках:

  • Маніторынг і аналітыка. Ініцыятыва адсочвае сытуацыю, зьвязаную зь беларускімі ўцекачамі і асобамі, якія шукаюць абароны ў ЗША, каб своечасова заўважаць рызыкі і пагрозы.
  • Адрасная дапамога. Каманда аказвае падтрымку беларусам, якія ўцяклі ад перасьледу і знаходзяцца ў асабліва ўразьлівым становішчы — ад інфармацыйнай дапамогі да каардынацыі дзеяньняў, патрэбных у крытычных сытуацыях.
  • Супраца зь юрыстамі і праваабаронцамі. Byaction падтрымлівае адвакатаў і праваабарончыя арганізацыі, якія працуюць з палітычнымі справамі беларусаў, дапамагаючы зьбіраць інфармацыю, асьвятляць праблемы і прыцягваць увагу да выпадкаў, якія патрабуюць тэрміновай рэакцыі.
  • Тэрміновыя пратаколы. У сытуацыях, калі беларусам пагражае дэпартацыя або перадача рэжыму ў Беларусі, ініцыятыва запускае мэханізмы хуткага рэагаваньня, каб абараніць людзей.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Калі не дадуць прытулку — куды ехаць?» Чаму ў ЗША затрымліваюць беларусаў, якія чакаюць палітычнага прытулку

«Многія наагул не разумеюць, што рабіць»

Стваральнікі ініцыятывы падкрэсьліваюць, што Byaction не займаецца праблемамі тых, хто знаходзіцца ў ЗША нелегальна, і не прадстаўляе людзей у судзе. Асноўная мэта ініцыятывы — дапамагчы ахвярам палітычных рэпрэсіяў займець бясьпеку, падтрымку і магчымасьць аднавіць нармальнае жыцьцё.

Пікет беларусаў у ЗША, архіўнае фота

«Наша ініцыятыва стваралася для таго, каб „перакласьці“ досьвед валянтэрскай працы 2020 году, калі мы вялі сьпісы „Акрэсьціна“, дапамагалі адно аднаму, на амэрыканскі лад, каб нам было больш зразумела і прасьцей адсочваць затрыманых, дапамагаць ім, іхным сем’ям, рабіць усё, каб гэтыя людзі як мага хутчэй выйшлі з турмаў і атрымалі прытулак.

Многія затрыманыя нават ня ведалі, што мы пра іх так клапоцімся. І для нас гэта добры досьвед, бо разам з кожным чалавекам, які выйшаў з турмы, мы стараемся палепшыць мэханізм нашай працы», — апавядае Глеб Івашкевіч.

Ініцыятыва ўзаемадзейнічае з амэрыканскімі юрыстамі, з памочнікамі адвакатаў — яны займаюцца ўсёй папяровай працай: даведкамі, запаўненьнем формаў, а адвакаты выступаюць у судах.

«У нас ёсьць адвакаты ў розных штатах, і незразумелыя для нас справы, калі мы ня бачым, як можна выйсьці з сытуацыі, мы перадаем адвакатам. Пакуль ўсё гэта робіцца бясплатна», — кажа Івашкевіч.

Byaction кантактуе з органамі ўлады, паведамляе амэрыканскаму боку пра справы беларусаў, зьвяртаецца па дапамогу да сэнатараў, дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, супрацоўнікаў Дзяржаўнага дэпартамэнту.

«Я мяркую, што справаў будзе шмат, бо, кантактуючы зь беларусамі, заўважаю: многія наагул не разумеюць, што рабіць, або ў іх адвакаты нейкія дзіўныя, ці ў іх наагул няма адвакатаў. І даводзіцца ўсё гэта разблытваць», — кажа спадар Івашкевіч.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Накінуліся гурмой і змаглі выцягнуць з турмы Артура Сянько і Анатоля Бокуна». Як беларусы сталі ахвярамі барацьбы зь мігрантамі ў ЗША