Прэм’ер-міністарка Літвы анансавала ўзмацненьне адказнасьці за кантрабанду

Прэмʼер-міністарка Літвы Інга Ругінене. Ілюстрацыйнае фота

Прапановы зьменаў у Крымінальным кодэксе для ўзмацненьня адказнасьці за кантрабанду рыхтуецца ўнесьці ў Сейм урад Літвы, заявіла, паводле інфармацыі LRT, 3 сьнежня прэмʼер-міністарка Інга Ругінене.

Паводле яе, прапануецца за гэтае правапарушэньне прадугледзець толькі крымінальную адказнасьць (цяпер магчымая і адміністрацыйная. — «Позірк»), ацэньваць маёмасьць падазроных і іхных сваякоў, а таксама надаць Службе расьсьледаваньня фінансавых злачынстваў права дзейнічаць як падразьдзел «Aro» (група антытэрарыстычных апэрацыяў. — «Позірк»).

Ругініене таксама прапанавала абмежаваць колькасьць продажу SIM-картаў адной асобе, бо яны выкарыстоўваюцца для злачыннай дзейнасьці, у прыватнасьці, для запуску кантрабандных балёнаў.

Ёй вядомыя выпадкі, калі замежныя грамадзяне ў Літве набываюць па некалькі тысяч такіх картаў. Акрамя таго, паводле кіраўніцы ўраду, чакаецца, што апэратары сотавай сувязі дапамогуць праваахоўным органам адсочваць, як выкарыстоўваюцца гэтыя карты.

Ругінене нагадала, што МЗС рыхтуе пакет больш жорсткіх санкцый ЭЗ супраць Беларусі, аб падтрыманьні якіх 1 сьнежня заявіла кіраўніца Эўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен.

Таксама, паводле яе, чакаецца візыт у Вільню і Менск спэцыяльнага пасланьніка прэзыдэнта ЗША для Беларусі Джона Коўла, аб намеры правесьці гутарку з якім Ругінене заяўляла 2 сьнежня.

Прэмʼер нагадала, што Генэральная пракуратура Літвы 1 сьнежня пачала расьсьледаваньне факту дапамогі іншай дзяржаве ў дзеяньнях, накіраваных супраць Літвы. Ідзецца аб кантрабандзе цыгарэт з Беларусі з дапамогай паветраных балёнаў.

  • Паводле МУС Літвы, з пачатку году да 2 сьнежня ў паветраную прастору краіны ўварвалася 599 балёнаў з кантрабандай і 197 дронаў.
  • Пасьля аднаўленьня працы памежных пераходаў Літва ўжо пяць разоў прыпыняла працу аэрапорта ў Вільні з прычыны новых мэтэазондаў, якія ўрываліся ў паветраную прастору краіны з тэрыторыі Беларусі.
  • У канцы кастрычніка Вільня закрыла памежныя пункты пропуску, дамагаючыся такім чынам рэакцыі Менска на масавы прылёт з Беларусі паветраных балёнаў з кантрабандай, якія перашкаджалі ў тым ліку цывільнай авіяцыі Літвы.
  • Памежныя пераходы аднавілі працу 20 лістапада. За тры тыдні, пакуль яны былі закрытыя, рэжым Лукашэнкі пасьпеў узмацніць жорсткасьць правілаў знаходжаньня ў краіне літоўскага грузавога транспарту, увязаўшы іх з працай пунктаў пропуску. У Беларусі затрымалася каля 1,3 тыс. зарэгістраваных у Літве грузавікоў, якія ня могуць выехаць з краіны нават пры адкрытай мяжы.
  • Пры гэтым Менск настойвае, што далейшыя перамовы зь Вільняй пуа гэтым пытаньні павінны ісьці на палітычным узроўні, Літва (прынамсі публічна) спрабуе ўнікнуць гэтага. Такія кантакты, на думку літоўскіх уладаў, будуць азначаць легітымізацыю рэжыму ў Беларусі.