Францускія ўлады арыштавалі трох чалавек у падазрэньні ў шпіянажы на карысьць Расеі

Трыюмфальная арка ў Парыжы, на якой адзін з арыштаваных разьвешваў плякаты з расейскай ваеннай прапагандай

Іх падазраюць таксама ў прасоўваньні расейскай ваеннай прапаганды.

Арышты прайшлі ў межах расьсьледаваньня справы аб франка-расейскай асацыяцыі, паведамілі пракуроры, піша AFP.

Адзін з затрыманых, 40-гадовы расеец, быў заўважаны на відэазапісах у верасьні, калі разьвешваў прарасейскія плякаты на Трыюмфальнай арцы ў Парыжы, паведаміла гарадзкая пракуратура. Затым мужчына зьвязаўся праз тэлефон з кіраўніцай асацыяцыі «SOS Данбас». Жанчыне таксама 40 гадоў, яе француская контравыведка падазрае ў спробе атрымаць эканамічную інфармацыю ад кіраўнікоў францускіх кампаній.

Жанчына, якая нарадзілася ў Расеі, ад пачатку году знаходзілася на радары ўнутранай выведкі Францыі, Генэральнага дырэктарату ўнутранай бясьпекі (DGSI).

Пасьля таго, як DGSI выявіла «дзеяньні, якія могуць нанесьці шкоду фундамэнтальным інтарэсам нацыі», у сакавіку быў прызначаны сьледчы судзьдзя для расьсьледаваньня розных меркаваных злачынстваў, у тым ліку «змовы з замежнай дзяржавай», што караецца 10 гадамі пазбаўленьня волі.

«SOS Данбас» называе сябе «гуманітарнай арганізацыяй», якая аказвае дапамогу мірным жыхарам ва ўсходнім Данбасе ва Ўкраіне. Гэтыя тэрыторыі часткова знаходзяцца пад кантролем Масквы.

Трэці затрыманы ў справе — 63-гадовы мужчына, які нарадзіўся ў паўночным парыскім прадмесьці Сена-Сэн-Дэні.

У справе фігуруе і чацьверты падазраваны, але ён не пад арыштам. Мужчыну 58 гадоў, ён пазьбег папярэдняга зьняволеньня, але зьмешчаны пад строгі нагляд. Яго прымусілі прыходзіць у паліцэйскі пастарунак раз на тыдзень.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Брытанская паліцыя заявіла пра арышты падазраваных у шпіянажы на карысьць Расеі


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд у Польшчы павялічыў тэрмін пакараньня асуджанаму за шпіянаж беларусу, вызначыўшы яго штатным супрацоўнікам спэцслужбаў