У Мазыры пэрсанал мясцовай ЦЭЦ вучылі рэагаваць на пажар ад пацэльваньня дрону

Мазыр, ілюстрацыйнае фота

У дзяржаўным вытворчым аб’яднаньні «Белэнэрга» паведамілі аб правядзеньні вучэньняў з пэрсаналам Мазырскай ЦЭЦ паводле чатырох сцэнароў, у тым ліку — пры ўзгараньні мазутнага баку ў выніку пацэльваньня бесьпілётніка.

Як адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні, вучэньні адбыліся ў межах сэмінару ў пытаньнях прамысловай бясьпекі.

На вучэньнях таксама мадэлявалі яшчэ тры сытуацыі: пашкоджаньне газаправоду праз ДТЗ, пагроза выцеку вадароду праз няспраўнасьць абсталяваньня, а таксама няшчасны выпадак з працаўніком.

Апроч пэрсаналу, у вучэньнях бралі ўдзел падразьдзелы Міністэрства надзвычайных сытуацый і хуткай мэдычнай дапамогі.

У «Белэнэрга» адзначылі, што вучэньні паказалі «высокую гатоўнасьць пэрсаналу і тэхнічных сыстэм да дзеяньняў у складаных аварыйных умовах».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амаль 700 вайсковых дронаў праляцелі над Беларусьсю за год, ёсьць выбухі і разбурэньні. Чаму ўлады гэта ўтойваюць?

Беларусь — другая ў сьвеце краіна пасьля Ўкраіны, якая найбольш цярпіць ад расейскіх баявых бесьпілётнікаў. У той час як у эўрапейскіх краінах пачалі фіксаваць адзінкавыя факты залёту дронаў на іхную тэрыторыю толькі цяпер, у Беларусі неба перастала быць «мірным» ужо больш як год таму.

Свабода падлічыла, што за апошнія 14 месяцаў у паветранай прасторы Беларусі было зафіксавана каля 700 дронаў, што заляцелі з тэрыторыі Ўкраіны ці Расеі.

Першыя дроны пачалі залятаць у Беларусь у ліпені 2024 году. Тры дні запар іх траекторыю адсочвалі ўкраінскія і беларускія маніторынгавыя каналы. Пачынаючы з таго моманту ў Беларусь амаль рэгулярна залятаюць расейскія бесьпілётнікі, і часьцей за ўсё гэта супадае з масавымі паветранымі атакамі на Ўкраіну. Улады хаваюць інфармацыю пра гэтыя здарэньні, не інфармуюць людзей пра небясьпеку падчас такіх пралётаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У кастрычніку ў Беларусь залятала найменш дронаў за апошніх паўгоду