«Вясна» мае 106 пацьверджаных фігурантаў «справы Гаюна», затрыманьні працягваюцца

Ілюстрацыйнае фота

У кастрычніку ў Беларусі адбыліся новыя затрыманьні па «справе Гаюна». Агульны лік затрыманых можа быць значна большы, бо затрыманьні адбываюцца дагэтуль па ўсёй Беларусі.

Праваабарончы цэнтар «Вясна» паведаміў, што мае інфармацыю пра як мінімум 106 пацьверджаных фігурантаў «справы Гаюна», якіх зьмясьцілі пад варту.

Агульная ж лічба затрыманых значна большая. Затрыманьні адбываюцца па ўсёй Беларусі да гэтага часу. Па зьвестках «Вясны», напачатку кастрычніка затрымалі мінімум яшчэ дваіх мужчын.

«З пачатку верасьня ў «Сьпіс экстрэмістаў» дадалі 68 чалавек, асуджаных за «садзейнічаньне экстрэмізму». Гэта больш чым траціна ад усіх людзей, якіх дадалі ў сьпіс за гэты час. Частка з гэтых людзей – фігуранты «справы Гаюна», пра якіх невядома праваабаронцам», – паведамляе Вясна.

Па зьвестках праваабаронцаў, у Беларусі амаль кожны дзень адбываюцца суды па гэтай справе. Фігурантам прызначаюць як «хімію» з накіраваньнем, так і калёнію. Справы некаторых людзей перадаюць з Менску ў рэгіянальныя суды.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна заклікала партнэраў узмацніць ціск на Лукашэнку за рэпрэсіі ў «справе Гаюна»

Маніторынгавы праект «Беларускі Гаюн» перад спыненьнем працы меў амаль 350 тысяч падпісчыкаў.

З пачатку вайны ва Ўкраіне праект зьбіраў інфармацыю ад беларусаў, якія дасылалі ў бот канала ў тэлеграме зьвесткі аб перамяшчэньні войскаў і ваеннай тэхнікі. На «Беларускі Гаюн» спасылаліся СМІ, аналітыкі і вайсковыя выведкі. Зьвесткі дапамагалі ўкраінскаму боку арыентавацца ў становішчы і ацэньваць пагрозы.

5 лютага кіраўнік праекту Антон Матолька заявіў, што ў выніку несанкцыянаванага ўваходу быў атрыманы доступ да чату з ботам Гаюна, куды зьбіралася інфармацыя ад людзей.

Інфарматарам Беларускага Гаюна, паведамляюць праўладныя рэсурсы, пагражаюць тэрміны па артыкуле «здрада дзяржаве» – ад 7 да 15 гадоў.

Праваабаронцы прагназуюць, што колькасьць фігурантаў «справы Гаюна» можа дасягнуць 1000 чалавек.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вясна»: з 2020 года як найменей 8905 чалавек зьведала палітычны крымінальны перасьлед