У менскім мэтро на рэйках загінула жанчына

Схема ліній Менскага мэтрапалітэну. Ілюстрацыйнае фота

Трагедыя адбылася 14 кастрычніка а 7:30 раніцы на станцыі «Пятроўшчына».

Паводле крыніц, на якія спасылаюцца «Минск-Новости», жанчына «скокнула ці ўпала пад цягнік» і ў выніку загінула. Пазьней у сеціве зьявіліся фота зь месца здарэньня, на якіх бачнае цела загінулай.

Паведамляюць, што рух цягнікоў на станцыі «Пятроўшчына» перапыняўся больш як на 20 хвілін і адноўлены а 7:56.

Управа Сьледчага камітэту ў Менску пачала праверку.

«Cьледча-апэратыўнай групай праведзены агляд месца здарэньня, прызначаная судова-мэдычная экспэртыза», — паведамілі ў менскім СК.

Папярэдні інцыдэнт у менскім мэтро адбыўся 11 кастрычніка 2025 году, калі а 14:00 на адной з станцый чырвонай лініі на рэйкі ўпаў падлетак. Паводле зьвестак, хлопчык, які ў выніку ўласнай неасьцярожнасьці ўпаў з плятформы, застаўся жывы.

Апошні сьмяротны інцыдэнт у менскім мэтро адбыўся ў 2022 годзе, калі на станцыі «Пралетарская» пад цягніком загінуў 26-гадовы мужчына.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Маскве трагічна загінула беларуская акторка
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску пачалі будаваць тры новыя станцыі мэтрапалітэну