У Горадзенскай вобласьці пракуратура накіравала ў суд справу супраць 20-гадовага жыхара Слоніма, які абвінавачваецца ў махлярстве ў асабліва буйным памеры. Падрабязнасьці расказалі ў прэс-службе Генэральнай пракуратуры.
Паводле вэрсіі сьледзтва, малады чалавек разам з саўдзельнікам арганізаваў ашуканскую схему з арэндай кватэраў у Горадні, Менску, Гомлі, Віцебску і Магілёве. Ягонай задачай было шукаць банкаўскія рахункі і кантраляваць плацежныя карткі, на якія павінны былі паступаць скрадзеныя сродкі. Таксама ён займаўся разьмеркаваньнем грошай.
У сваю чаргу, у пэрыяд зь ліпеня па жнівень 2024 году ягоны саўдзельнік разьмяшчаў ашуканскія аб'явы аб здачы кватэр у арэнду на розных інтэрнэт-пляцоўках. Выкарыстоўваючы падробленыя пашпарты беларусаў, ён меў зносіны з патэнцыйнымі арандатарамі праз мэсэнджары і прасіў іх пераводзіць перадаплату.
У выніку дзеяньняў ашуканцаў 193 чалавекі страцілі 41,3 тыс. рублёў. Абвінавачаны застаецца пад вартай да суда. Выглядае, што ягонага саўдзельніка пакуль не арыштавалі. Прынамсі, Генэральная пракуратура не падае пра гэта інфармацыі.