Ужо сёньня: гадавіна падзелу хрысьціянскай царквы; разгром менскага офісу Свабоды ў 2021-м

Гатычная царква XVI ст. у вёсцы Мураванка Шчучынскага раёну Горадзенскай вобласьці, якая за сваю доўгую гісторыю пабывала і праваслаўнай, і ўніяцкай.

Падзеі 16 ліпеня ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дата дня

16 ліпеня 1054 году — папскія легаты абвясьцілі адлучэньне ад царквы канстантынопальскага патрыярха Міхаіла Керуларыя, а ён пазьней — легатаў. Гэтая дата лічыцца пачаткам Вялікай схізмы, якая падзяліла хрысьціянскую царкву на дзьве часткі: каталіцкую і праваслаўную.

16 ліпеня 2021 — увайшло ў найноўшую гісторыю Беларусі як дзень масавай атакі на незалежную журналістыку. Сілавікі разграмілі менскі офіс Радыё Свабода, вырвалі камэры відэаназіраньня на паверсе і выламалі трое дзьвярэй у офісе. Канфіскавалі тэхніку. У той жа дзень адбыліся ператрусы ў журналістаў Свабоды, «Белсату» і іншых незалежных выданьняў.

Зламаныя дзьверы ў офіс Радыё Свабода ў Менску, 16 ліпеня 2021 году

Таксама ў гэты дзень

1941 — Нямецкія войскі ўварваліся ў Смаленск.

1945 — ЗША правялі першае пасьпяховае выпрабаваньне атамнай бомбы на палігоне ў штаце Нью-Мэксыка.

1951 — быў апублікаваны славуты раман «Лавец у жыце» амэрыканскага пісьменьніка Джэрома Сэлінджэра.

1990 — Вярхоўная Рада Ўкраіны прыняла Дэклярацыю аб дзяржаўным сувэрэнітэце.

1990 — Савет Міністраў БССР абвясьціў комплекс помнікаў гісторыі і культуры Полацку Полацкім гісторыка-культурным запаведнікам рэспубліканскага значэньня.

1990 — заснаваны музэй гісторыі Магілёва.

2005 — у Менску пачаўся IV зьезд беларусаў сьвету.

2018 — выбітны футбаліст ХХ стагодзьдзя аргентынец Дыега Марадона прыляцеў у Берасьце ў якасьці старшыні праўленьня мясцовага клюбу “Дынама”. Зрэшты, неўзабаве ён адляцеў у Мэксыку, маўляў, у Беларусі клімат вельмі суровы“. У лістападзе 2020 году Дыега Марадона памёр.

У гэты дзень нарадзіліся

1863 Ціхан Кібардзін, беларускі архітэктар. Пад ягоным кіраўніцтвам у 1890 і 1902 гадах былі распрацаваныя генэральныя пляны забудовы Віцебску.

1872 Руаль Амундсэн, нарвэскі падарожнік.

«Прадбачлівасьць і асьцярожнасьць аднолькава важныя: прадбачлівасьць — каб своечасова заўважыць цяжкасьці, а асьцярожнасьць — каб самым дбайным чынам падрыхтавацца да іх сустрэчы».

Руаль Амундсэн

1879 Васіль Рагуля, беларускі грамадзка-палітычны дзяяч, пасол Сэйму і сэнатар у міжваеннай Польшчы.

1968 Лары Сэнгер, адзін з заснавальнікаў Вікіпэдыі.

У памяці

1897Янка Лучына, паэт.

1959Іван Жалтоўскі, архітэктар.

1976Ян Станкевіч, беларускі мовазнавец, гісторык, палітычны дзяяч.

Ян Станкевіч. Падручнік крывіцкае (беларускае) мовы. Рэґенсбурґ, 1947.

1985 Генрых Бёль, нямецкі пісьменьнік, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі па літаратуры.

1989 Гербэрт фон Караян, аўстрыйскі дырыжор.

1990 Мікалай Арэхва, дзяяч рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі, беларускі гісторык.​

2005 Яніна Каханоўская, дзяячка беларускай эміграцыі ў ЗША, бабуля сьпевака Данчыка.

Яніна Шабуня-Каханоўская (зьлева) і Натальля Арсеньнева на дэманстрацыі ў Дзень паняволеных народаў. Нью-Ёрк, 1954 год