У Беларусі ствараюць новы суд. Якія справы ён будзе разглядаць і калі пачне працаваць

Эканамічны суд Горадзенскай вобласьці. Ілюстрацыйнае фота

Аляксандар Лукашэнка сваім указам зацьвердзіў рашэньне аб стварэньні Апэляцыйнага эканамічнага суду.

Як адзначаецца ў паведамленьні прэсавай службы Лукашэнкі, гэтае рашэньне накіравана на рэалізацыю Кодэксу цывільнага судаводзтва, які прадугледжвае стварэньне трох зьвёнаў сыстэмы эканамічных судоў.

Такое структурнае пераўтварэньне адбудзецца за рахунак падзелу дзейнасьці судоў першай і апэляцыйнай інстанцыяў, якія цяпер функцыянуюць у рамках аднаго суду.

Апэляцыйны эканамічны суд у статусе працэсуальнага органу пачне сваю працу з 1 студзеня 2026 году, калі набудзе моц Кодэкс цывільнага судаводзтва.

Суд плянуюць сфармаваць з судзьдзяў і працаўнікоў іншых судоў. У ім будуць працаваць 27 судзьдзяў разам з старшынём і яго намесьнікамі.

Кандыдатуры на судзьдзяў Апэляцыйнага эканамічнага суду павінен прапанаваць Вярхоўны суд. Апроч таго, Вярхоўны суд павінен вырашыць неабходныя арганізацыйныя пытаньні для забесьпячэньні дзейнасьці новага судовага органу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Без суду. Што адбылося зь беларускай судовай сыстэмай пасьля жніўня 2020 году