Узброеныя людзі трымаюць у закладніках 35 пасажыраў пасьля нападу на цягнік на паўднёвым захадзе Пакістану, паведаміла мясцовая паліцыя 11 сакавіка. Паводле гэтага паведамленьня, амаль 350 пасажыраў знаходзяцца ў бясьпецы.
Сэпаратысты з «Арміі вызваленьня Бэлюджыстану» сьцьвярджаюць, што захапілі ў закладнікі 182 пасажыраў, у тым ліку вайскоўцаў. Баевікі пагражаюць забіць іх, калі пакістанскія сілы бясьпекі не пакінуць гэты раён.
Цягнік, які накіроўваўся з гораду Квэта ў Пэшавар, сёньня атакавалі чальцы групоўкі «Армія вызваленьня Бэлюджыстану». Як піша CNN, яны ўзялі на сябе адказнасьць за атаку і паведамілі пра захоп закладнікаў.
Прадстаўнік ураду Бэлюджыстану Шагід Рынд заявіў, што ўлады ўвялі надзвычайныя меры, на месца нападу адпраўлены сілы бясьпекі.