Урад Беларусі знайшоў дадатковыя меры падтрымкі экспарту ва ўмовах санкцый, але іх засакрэціў

Урад Беларусі. Архіўнае фота

Фінансавую падтрымку экспарту беларускай прадукцыі прадоўжылі яшчэ на два гады.

Прэм’ер-міністар Беларусі Раман Галоўчанка падпісаў пастанову аб унясеньні зьменаў у ранейшы дакумэнт, які вызначаў умовы экспартнага фінансаваньня, уведзеныя 24 студзеня 2023 году.

Як адзначаецца ў апублікаванай на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале Беларусі пастанове, меры падтрымкі экспарту беларускай прадукцыі прадоўжаныя да 2026 году ўключна. Раней іх ухвалілі на 2023/2024 гады.

Дакумэнт прадугледжвае магчымасьць атрыманьня ў Банку разьвіцьця Рэспублікі Беларусь экспартных крэдытаў у беларускіх і расейскіх рублях, а таксама дзяржаўнае страхаваньне экспартных рызык з магчымасьцю перастрахаваньня.

Як вынікае з апублікаванай пастановы, урад дапоўніў меры падтрымкі экспарту яшчэ адным пунктам, але яго зьмест засакрэціў (яго пазначылі заўвагай «для службовага выкарыстаньня»).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Урад хоча адкрыць крэдытную лінію ў «Росэксимбанке», ліміт і мэта запазычаньня невядомыя

Урад Беларусі 24 студзеня 2023 году ўхваліў пастанову «Аб умовах экспартнага фінансаваньня» ў разьвіцьцё ўказу Аляксандра Лукашэнкі «Аб дадатковых мерах па забесьпячэньні функцыянаваньня эканомікі» ад 14 сакавіка 2022 году.

Кіраўніцтва Беларусі падтрымала агрэсію Расеі супраць Украіны і дазволіла скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў. За гэта супраць Беларусі ўвялі замежныя санкцыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка дазволіў тэхнічны дэфолт і двайное падаткаабкладаньне