Уласьніка горадзенскай этнакрамы «Цудоўня» затрымалі паводле палітычнага артыкулу

Андрэй Несьцяровіч

Уласьніка «Цудоўні» Андрэя Несьцяровіча затрымалі за быццам бы арганізацыю дзеяньняў, што парушылі грамадзкі парадак. Гэты артыкул выкарыстоўваецца ў Беларусі ў палітычна матываваных справах.

Паводле інфармацыі Hrodna.life ад крыніц, не зьвязаных зь сям’ёй Андрэя Несьцяровіча, яго затрымалі 7 лютага. Супраць прадпрымальніка завялі крымінальную справу паводле артыкулу 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»). Неўзабаве яго павінны перавесьці ў горадзенскі СІЗА № 1.

У 2023 годзе Несьцяровіча судзілі паводле арт. 19.11 КаАП за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». Ён атрымаў 10 дзён арышту.

Пасьля на яго завялі крымінальную справу паводле арт. 295 ч. 2 КК («Незаконныя дзеяньні ў дачыненьні агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў»). Тады яму вынесьлі прысуд, не зьвязаны з пазбаўленьнем волі. Цяпер перасьлед, які выглядае як палітычна матываваны, працягваецца.

Андрэй Несьцяровіч заснаваў этнакраму «Цудоўня» ў 2015 годзе. Пасьля выбараў 2020 году крама сутыкнулася са штрафамі і пазбаўленьнем памяшканьня.

Андрэй заставаўся ў Беларусі і падтрымліваў свой бізнэс, бо лічыў яго важным для захаваньня і разьвіцьця беларускай культуры. У яго двое малых дзяцей, аднаму зь якіх няма яшчэ году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзясяткі кавярняў, усе крамы нацыянальнай атрыбутыкі. Гэтыя месцы перасталі існаваць пасьля выбараў