У студзені 2025 году на расейскім рынку былі прададзеныя чатыры новыя аўтобусы Менскага аўтамабільнага заводу — у 21 раз менш, чым у тым жа месяцы 2024-га (84), сьведчаць дадзеныя агенцтва «АСМ-холдинг» (РФ).
Прадукцыя МАЗ у мінулым месяцы заняла 11-е месца ў сьпісе самых прадаваных брэндаў гэтага сэгмэнту аўтарынку Расеі, канстатавалі экспэрты. Доля на рынку склала 0,6%, піша Позірк.
Агулам за 2024 год беларускае прадпрыемства прадало 504 адзінкі гэтай тэхнікі. За 2023-і — 925 адзінак.
Аўтобусы МАЗ у Расеі рэгулярна гараць. Апошні падобны выпадак зафіксаваны 13 студзеня ў Ліпецку.
Праблему зь беларускімі аўтобусамі ўскосна прызнаў Лукашэнка, заявіўшы 19 верасьня 2023 году, што прычына загараньняў пасажырскага транспарту ў Пецярбургу крыецца ў браку «якаснага і своечасовага абслугоўваньня». Ён прапанаваў наладзіць тэхнічнае абслугоўваньне на месцы сіламі беларускіх рамонтнікаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністэрства, аўтобусны парк, хакейны клюб. Як кітайскія аўтобусы выцясьняюць у Беларусі прадукцыю МАЗу