Мянчук купіў кватэру, але доўга ня мог у яе трапіць. Высьветлілася, што там былі два трупы

Ілюстрацыйнае фота

Вусьцішная крымінальная гісторыя здарылася ў беларускай сталіцы. Мужчына ў купленай кватэры знайшоў два трупы.

У пачатку сьнежня 2024 году ў міліцыю зьвярнуўся мужчына і паведаміў, што ня змог трапіць у кватэру, якую нядаўна набыў. Былыя ўладальнікі на сувязь не выходзілі, на званкі не адказвалі, уваходныя дзьверы ў кватэру былі замкнёныя знутры.

Пасьля ўзлому замкоў і ўваходу ў кватэру ўладальнік убачыў трупы мужчынаў. Экспэрты адзначылі, што гэта трупы грамадзянаў «1986 і 1973 гадоў нараджэньня ў стадыі гніласных зьмяненьняў».

Адмыслоўца Дзяржаўнага камітэту судовых экспэртызаў па Менску пры аглядзе трупаў выявіў сьляды ін’екцый. Для вызначэньня прычынаў сьмерці прызначылі судова-мэдыцынскія экспэртызы.

Высьветлілася, што былы ўладальнік кватэры разам са сваім сябрам набылі «крышталічны парашок белага колеру» і зь яго дапамогай адзначылі ўдалую зьдзелку.

Сьмерць мужчын наступіла ад вострай інтаксыкацыі мэтадонам, канцэнтрацыя якога адпавядала сьмяротнай. Ва ўнутраных органах загінулых таксама былі выяўлены фэнабарбітал, трамадол, запіклон, прэгабалін, квэтыяпін — многія з выяўленых рэчываў уключаныя ў Рэспубліканскі пералік наркатычных сродкаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мытнікі сканфіскавалі «найбуйнейшую ў гісторыі Беларусі» партыю наркотыкаў. Яе ацанілі ў 28 млн даляраў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За паўгода — 1,7 мільярда рублёў крэдытаў на жыльлё. Чаму рынак нерухомасьці ўсё расьце і колькі гэта будзе цягнуцца