Латушка: Лічым важным, каб Ціханоўская палітычна падтрымала працэс выбараў у Каардынацыйную раду

Павал Латушка

Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня лічыць важным падтрымку выбарчага працэсу ў КР з боку кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінэту.

«Мы лічым важным, каб Сьвятлана Ціханоўская палітычна падтрымала сам працэс выбараў у Каардынацыйную раду, паколькі гэта важная менавіта палітычная падзея», — заявіў у камэнтары «Позірку» намесьнік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінэту (АПК), кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня Павал Латушка.

Нагадаем, Латушка ўзначальвае адну групаў, што балятуюцца ў Каардынацыйную раду.

Такім чынам палітык пракамэнтаваў апублікаваны 16 траўня сумесны зварот шэрагу актараў, якія ўдзельнічаюць у выбарах у КР, і адказаў на пытаньне, ці лічаць яны недастатковай увагу дэмакратычнай лідэркі да гэтага працэсу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ёсьць сумневы, што на выбарах у КР прагаласуюць хаця б дзясяткі тысяч людзей», — аналітык Мажэйка

Паводле слоў Латушкі, яе заяву пра падтрымку і заклік галасаваць на выбарах «чакаюць як многія кандыдаты ў сябры КР, „якія ўжо ўсе трапілі пад рэпрэсіі рэжыму“, так і „актыўная частка беларускага грамадзтва, якая выступае за ўмацаваньне трох інстытутаў“» — прэзыдэнта-электа, АПК і КР.

Пры гэтым Латушка падкрэсьліў, што на сустрэчы з прадстаўнікамі беларускай дыяспары ў Познані 16 траўня «такія словы ўжо прагучалі з боку Сьвятланы Ціханоўскай».

Выбары ў трэцяе скліканьне КР пройдуць 25–27 траўня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Усе кааліцыі, якія балятуюцца ў Каардынацыйную раду, улады прызналі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Belarus ID. Як будзе працаваць галасаваньне на выбарах у Каардынацыйную раду і наколькі гэта бясьпечна