Стэнд беларускіх выдавецтваў распачаў працу на кніжным кірмашы ў Беластоку

Выдавец Андрэй Янушкевіч. Архіўнае фота

19 красавіка ў Беластоку распачаў працу 11-ы кніжны кірмаш і літаратурны фэстываль «На памежжы». На ім прадстаўлены і беларускія кнігі.

На сумесным стэндзе беларускіх выдавецкіх ініцыятываў можна знайсьці выданьні фонду Kamunikat, выдавецтва «Янушкевіч», Vesna Books, Gutenberg Publisher, «Пфляўмбаўм», Skaryna Press, «Мяне няма», паведамляе Reform.news.

У межах выставы-продажу будзе працаваць філія варшаўскай кнігарні «Кнігаўка». Гэтая кнігарня і фонд Kamunikat — арганізатары беларускага стэнда.

Як абяцала выдавецтва «Янушкевіч», у Беластоку можна будзе набыць усе апошнія навінкі беларускіх аўтараў і замежных пісьменьнікаў, выдадзеных у перакладзе на беларускую мову. У прыватнасьці, Андрэй Янушкевіч зьвяртае ўвагу на новае перавыданьне рамана Альгерда Бахарэвіча «Сабакі Эўропы», якое будзе прадстаўлена на стэндзе.

У праграме літаратурнага фэстывалю гэтаксама чакаюцца аўтограф-сэсіі з Валянцінай Аксак і Ўладзімерам Арловым. Зь беларускімі пісьменьнікамі можна будзе сустрэцца 20 красавіка з 12 да 13 гадзіны ў «Арт-зоне» (Strefa Sztuki), якую ладзіць Падляскі аўкцыённы дом.

Працягнецца праца кніжнага кірмашу да 21 красавіка. Уваход на ўсе імпрэзы вольны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дырэктар фонду Kamunikat Яраслаў Іванюк: «Беларуская літаратура разьвіваецца, як кожная іншая»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Робім Літве добрага суседа». Беларускія выдаўцы ўпершыню на Віленскім кніжным кірмашы. ФОТА