Вясковец змайстраваў дрон. Цяпер яго будуць судзіць

Дрон. Ілюстрацыйны здымак

Лідзкія памежнікі знайшлі ў жыхара вёскі Беняконі (Воранаўскі раён) побач зь літоўскай мяжой коптар, выраблены саматужным спосабам, а таксама запасныя акумулятарныя батарэі.

Мужчына растлумачыў, што зьбіраўся прадаць БЛА. У дачыненьні да яго распачалі адміністрацыйны працэс. Бесьпілётнік і 12 акумулятарных батарэй канфіскаваныя, паведамляе газэта «Вечерний Гродно».

Нядаўна Лукашэнка падпісаў указ «Аб дзяржаўным уліку і эксплуатацыі цывільных бесьпілётных лятальных апаратаў». Увоз, захоўваньне, абарот, эксплюатацыя і выраб БЛА, а таксама выкарыстаньне паветранай прасторы Беларусі без належнага дазволу забароненыя.

Захоўваньне без дазволу ўладаў і выкарыстаньне БЛА ў памежнай зоне або пагранпаласе — парушэньне пагранічнага рэжыму, гэта прыводзіць да адміністрацыйнай адказнасьці па артыкуле 24.19 КаАП (штраф да 50 базавых велічыняў).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палку імя Каліноўскага перадалі дроны ад беларускай дыяспары