Стваральнік Telegram Павал Дураў назваў чуткі аб падкантрольнасьці мэсэнджара расейскім уладам «выгаднымі канкурэнтам»

Павел Дураў, архіўнае фота

17 красавіка было апублікавана відэаінтэрвію Паўла Дурава амэрыканскаму журналісту Такеру Карлсану. У ім Дураў выказаў думку, што чуткі аб падтрымцы расейскімі ўладамі мэсэнджара пашыраюць і падтрымліваюць канкурэнты плятформы, якія зьвяртаюць увагу на рост аўдыторыі пляцоўкі, піша «Настоящее время».

Таксама Павал Дураў заявіў, што найбольшы ціск на мэсэнджар рабілі ня ўрады, а амэрыканскія карпарацыі Apple і Google. Паводле прадпрымальніка, кампаніі неаднаразова патрабавалі ад кіраўніцтва Telegram выконваць іх рэкамэндацыі.

Стваральнік Telegram адзначыў, што зь некаторымі патрабаваньнямі карпарацый нельга не пагадзіцца і даводзіцца выдаляць частку кантэнту. Напрыклад, калі гаворка ідзе пра публікацыі, зьвязаныя з гвалтам, дыскрымінацыяй ці жорсткім абыходжаньнем зь дзецьмі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Павал Дураў заявіў, што Telegram і надалей будзе блякаваць беларускія праўладныя каналы

Пра што яшчэ стваральнік Telegram гаварыў падчас інтэрвію. Сьцісла:

  • Паводле Дурава, ідэя аб стварэньні Telegram прыйшла да яго, калі ён яшчэ знаходзіўся ў Расеі, і была зьвязаная з жаданьнем распрацаваць бясьпечную і незалежную плятформу для камунікацыі.
  • Дураў паведаміў, што імкнецца не прыяжджаць у краіны, дзе ўлады праяўляюць падвышаную ўвагу да Telegram. Плятформа хоча заставацца нэўтральнай і не займаць чыйго-небудзь боку.
  • Telegram не марнаваў «ні даляра» на маркетынг, у той час як у ім штодня рэгіструюцца 2,5 мільёна карыстальнікаў, а іх агульная колькасьць дасягнула 900 млн чалавек.
  • Да прыезду ў Дубай, дзе цяпер базуецца Telegram, каманда мэсэнджара, паводле Дурава, разглядала некалькі іншых гарадоў: Бэрлін, Лёндан, Сынгапур, Сан-Францыска, але ня стала там базавацца з прычыны бюракратычных складанасьцяў. Таксама ён назваў ААЭ «палітычна нэўтральнай» краінай і зазначыў, што ў яго выпадку адсутнічае ціск з боку мясцовых уладаў.
  • Адмову прыцягваць вэнчурных інвэстараў у праект Дураў растлумачыў жаданьнем захаваць незалежнасьць.
  • Ён падтрымлівае куплю Twitter Іланам Маскам і выказаў думку, што гэтая сацсетка «становіцца ўсё большай прыхільніцай свабоды слова» і спрабуе ўкараняць інавацыі.
  • Дураў расказаў пра сустрэчу з заснавальнікам Meta Platforms Маркам Цукербэргам, якая адбылася больш за 10 гадоў таму. Паводле Дурова, Цукербэрг цікавіўся, ці ёсьць у яго пляны міжнароднай экспансіі, а Дураў — ці ёсьць у Facebook пляны нарошчваць долю ў Расеі. Абодва, па словах заснавальніка Telegram, адказалі «не», але рэалізавалі гэтыя пляны празь некаторы час.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што ведаюць расейскія спэцслужбы — будуць ведаць і ў КДБ