У Італіі знайшлі мёртвым беларускага кіроўцу

Вэрона. Ілюстрацыйнае фота

Дальнабойніка зь Беларусі знайшлі мёртвым на паркоўцы ў Італіі 30 сакавіка. Кіроўцу было 54 гады.

Пра здарэньне паведаміла італьянскае выданьне L’arena.

Беларуса без прыкмет жыцьця знайшлі калегі ў горадзе Пэск’ера-дэль-Гарда, правінцыя Вэрона. Ён знаходзіўся побач са сваім аўтамабілем.

Верагодна, сьмерць была натуральнай, адзначае выданьне, паколькі першы агляд ня выявіў прыкмет, якія маглі б быць падазронымі. Апыталі дваіх іншых кіроўцаў, якія былі на месцы. Паліцыя адкрыла расьсьледаваньне.