Ужо месяц як сілавікі могуць заблякаваць любы перавод, які падасца ім падазроным. Гэта рэглямэнтуецца ўказам «Аб мерах па супрацьдзеяньні несанкцыянаваным плацёжным апэрацыям», які дзейнічае з 1 сакавіка.
На практыцы пастаўшчыкі банкаўскіх паслугаў дзеляцца інфармацыяй праз адзіную базу, доступ да якой маюць і сілавікі. Гэта адбываецца, калі транзакцыя падасца падазронай сьпярша самому банку ці фінансавай арганізацыі.
Напрыклад, вы маеце ў электронным гаманцы пэўную суму ў крыптавалюце. Вы вывелі яе праз крыптаабменьнік, які афіцыйна працуе зь беларускім банкам, на сваю картку ў рублях. Якраз такая транзакцыя, калі сума буйная, можа зацікавіць сілавікоў.
А тыя, у сваю чаргу, могуць заблякаваць рахунак на тэрмін да 10 дзён і выклікаць вас на размову.
Тэлеграм-канал Tax V&М ужо паведаміў пра выпадкі, калі беларусы сутыкнуліся з новай практыкай. Рахункі людзей, якія займаліся крыптавалютамі, блякавалі, а іх уласьнікаў выклікалі на размовы, расказваюць аўтары тэлеграм-каналу. Там жа прыводзяцца і пасьпяховыя кейсы — калі пасьля камунікацыі з банкам і сілавікамі рахунак удалося разблякаваць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нацбанк увёў зьмены па пераводах грошай. Калі ў пераводзе могуць адмовіць і якія новыя паўнамоцтвы атрымалі сілавікіBelpol: Улады імкнуцца ўзяць сэгмэнт крыптавалют пад кантроль
Сілавікі заўжды мелі доступ да рахункаў, аднак раней гэта займала ў іх больш часу. Пра гэта ў размове са Свабодай кажа прадстаўнік аб’яднаньня былых сілавікоў Belpol Уладзімер Жыгар.
«Гэта займала шмат часу. Трэба было патлумачыць, навошта патрэбная гэтая інфармацыя, доўга чакалі адказу ад банку. Зараз гэтыя рэчы спрасьцілі для сябе. Хочуць імкнуцца кантраляваць фінансавыя рухі, асабліва гэта датычыць крыптабіржы. Да 2025 году яны будуць імкнуцца кантраляваць сэгмэнт крыптавалюты. Напрыклад, яшчэ ў 2019 годзе ніхто там нічога не разумеў у крыптавалюце. Цяпер сілавікі імкнуцца ўзяць пад кантроль і гэты сэгмэнт», — тлумачыць Уладзімер Жыгар.
Трыгерам можа стаць, напрыклад, буйны перавод, кажа былы праваахоўнік.
«Сілавікі зразумелі, што ў Беларусі ёсьць вялікі сэгмэнт грошай, якія дзяржава не кантралюе. Гэта для іх цяпер і магчымасьць закручваньня гаек, і магчымасьць дадатковага фінансаваньня. Яны хочуць для сябе спрасьціць многія рэчы. Зразумець, дзе яны тут могуць атрымаць выгаду і ўзмацніць бясьпеку рэжыму. Іх пужае незразумелае», — дадае Уладзімер Жыгар.
Што да парадаў, як зьменшыць свае рызыкі, то былы сілавік раіць або не карыстацца абменьнікамі крыптавалюты ў Беларусі ўвогуле, або мяняць яе тут па мінімуме.
«Варта не выводзіць вялікія сумы адначасова, карыстацца адмысловымі праграмамі, каб максымальна абараніць дадзеныя свайго віртуальнага гаманца, заўжды мець лягічнае тлумачэньне, адкуль узяліся сродкі. Наогул, лепш у Беларусі гэтыя апэрацыі зараз не праводзіць», — раіць суразмоўца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці магчыма схаваць «сьпісы» тых, хто данаціў BySol і BY_help праз фэйсбук? Тлумачыць Андрэй СтрыжакЦі перашкодзіць новы ўказ дапамозе ўнутры Беларусі
Паводле аднаго з стваральнікаў фонду BySol Андрэя Стрыжака, раней сфэра крыптавалют заставалася для беларускай улады ў «шэрай зоне». Цяпер яны хочуць адсочваць гэтыя грошы. Аднак пакуль зьмены ў заканадаўства ніяк не закранулі працу фонду.
«Раней пра абыход абмежаваньняў думалі людзі з крымінальным бэкграўндам, цяпер гэта стане задачай для шматлікіх людзей, якія з розных прычын ня хочуць мець дачыненьне зь сілавікамі. Любыя абмежаваньні нараджаюць крэатыўнасьць, у тым ліку ў нашай працы. Мы знаходзім новыя рашэньні, каб падтрымліваць беларусаў, пацярпелых ад рэпрэсій. Да нас не даходзіла інфармацыя, што нехта пацярпеў праз новыя зьмены ў заканадаўстве», — кажа Стрыжак.
Паводле яго, застацца ў цені, каб дзяржава не зьвярнула на цябе ўвагі, у Беларусі становіцца складана, але «гэта ня значыць, што гэта немагчыма».
«Калі ідзе гаворка аб узаемадзеяньні з фондамі падтрымкі, трэба дакладна і строга кіравацца інструкцыямі, бо яны напрацаваныя практыкай», — кажа Стрыжак.
У Беларусі згодна з дэкрэтам № 8 «Аб разьвіцьці лічбавай эканомікі» як юрыдычныя, так і фізычныя асобы могуць без абмежаваньняў і сплаты падаткаў захоўваць крыптаактывы, гандляваць імі, абменьваць на іншыя крыптавалюты і грошы. Дэкрэт дзейнічае да 1 студзеня 2025 году.