КДБ у Менску затрымаў гісторыка царквы Ільлю Вішнеўскага

Ільля Вішнеўскі (у цэнтры)

26 сакавіка 2024 году ў Менску супрацоўнікі КДБ затрымалі гісторыка царквы Ільлю Вішнеўскага, паведамляе тэлеграм-канал «Хрысьціянская візія».

Паводле інфармацыі каналу, цяпер Ільля Вішнеўскі арыштаваны і знаходзіцца ў ІЧУ на Акрэсьціна. Прычыны затрыманьня і прад’яўленыя яму абвінавачваньні невядомыя.

Ільля Вішнеўскі — выпускнік магістратуры Інстытуту тэалёгіі імя сьвятых Мяфодзія і Кірыла і асьпірантуры гістарычнага факультэту Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэта.

Цягам больш за 10 гадоў працуе ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь, зьяўляецца вядомым у Беларусі дасьледчыкам гісторыі канфэсійных установаў, аўтар шматлікіх публікацый пра дзейнасьць абнаўленчай царквы ў БССР.

Апошнім часам Ільля Вішнеўскі быў адным з арганізатараў (разам зь Менскай духоўнай акадэміяй і інш.) і мадэратарам працы круглых сталоў па гісторыі рэлігійных супольнасьцяў БССР у 1920–1930-я гг. (у т.л. па праблемах узаемаадносінаў праваслаўнай царквы з савецкай дзяржавай і рэпрэсіяў сярод духавенства) на базе архіўных, адукацыйных і царкоўных установаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ходзяць, слухаюць, глядзяць за намі». Вернікі пра «татальны кантроль» з боку дзяржавы
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На сустрэчы з Сынодам БПЦ Лукашэнка заявіў, што ў 2020-м «некаторыя сьвятары заняліся палітыкай»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рагачоўскі сьвятар Кавальчук пасьля двух арыштаў выехаў зь Беларусі