«Давайце будзем шукаць паразуменьня». У Вільні пасьля зьмены месца прайшла сустрэча зь пісьменьнікам Уладзімерам Арловым

Уладзімер Арлоў выступае на сустрэчы ў Вільні, 22 сакавіка 2024 году

Напярэдадні Дня Волі Ўладзімер Арлоў і ягоны выдавец Яраслаў Іванюк правялі шэраг сустрэч зь беларусамі, якія жывуць у Літве. Расказваем, як прайшла сустрэча ў Вільні.

22 сакавіка ў цэнтры дапамогі беларускім уцекачам «Замак» у Вільні прайшла сустрэча зь беларускім пісьменьнікам Уладзімерам Арловым, які прыехаў у сталіцу Літвы падчас цыклю сустрэч «Насустрач дню Волі». Напярэдадні сустрэчы зь пісьменьнікам прайшлі ў Клайпедзе і Коўне.

Паводле арганізатараў туру, сустрэча ў Клайпедзе прайшла без праблем, а вось у Коўне гутарку давялося перанесьці на іншую пляцоўку. Прычынай стаў допіс літоўскага блогера Жыльвінаса Світоюса, які на сваёй старонцы ў Facebook назваў Уладзімера Арлова «ідэолягам ліцьвінізіму». Пасьля гэтага ў інтэрнэце зьявіліся нэгатыўныя камэнтары з нагоды сустрэчы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сустрэчу зь пісьменьнікам Арловым у Вільні, якую скасавалі праз пагрозы, вырашылі правесьці ў іншым месцы

Пра тое, што адбывалася ў Коўне Свабодзе распавёў выдавец зь Беластоку Яраслаў Іванюк, які ў туры «Насустрач дню Волі» суправаджае пісьменьніка Ўладзімера Арлова.

Яраслаў Іванюк

«У гэтых камэнтарах былі і пэўныя пагрозы, нават пагрозы гвалту — даволі непрыемная склалася сытуацыя», — згадвае Яраслаў Іванюк.

Паводле выдаўца, удзельнікам туру патэлефанавала дырэктарка ўстановы з Коўна, дзе плянавалі правесьці сустрэчу, і сказала, што нібыта няма супрацоўніка, які мае адкрыць дзьверы ў памяшканьне для сустрэчы. Але, паводле Яраслава Іванюка, гэта не спыніла арганізатараў туру.

«На шчасьце, тады ў Каўнасе нас прыняў Каўнаскі ўнівэрсытэт, гэта адбылося дзякуючы прафэсару Русьцісу Камунтавічусу. Гэты чалавек вельмі прыхільна ставіцца да беларусаў, ён гісторык, а ня нейкі ідэоляг. Як і Ўладзімер Арлоў ня ёсьць нейкім ідэолягам ані літвінізму, ані нечага іншага, а ёсьць пісьменьнікам, гісторыкам, які папулярызуе беларускую гісторыю. І сустрэча адбылася там, на плошчах інстытуту», — распавёў Яраслаў Іванюк.

Уладзімер Арлоў і Яраслаў Іванюк падчас сустрэчы

Выдавец мяркуе, што допіс, які стаў прычынай пераносу сустрэчы, ёсьць правакацыяй пэўных сілаў.

«Калі даходзіць да сарваньня аўтарскай літаратурнай сустрэчы ў эўрапейскай краіне, гэта вельмі непрыемна. Мяркую, гэта разьлічана на распальваньне варожасьці паміж беларусамі і літоўцамі. А каму гэта патрэбна? Патрэбна толькі расейцам ды іхным спэцслужбам. Ідзе вайна, а гэта таксама нейкая вайна — інфармацыйная. Але мы не павінныя паддавацца на нейкія правакацыі. Арганізатары сустрэч, я, як прадстаўнік фонду kamunikat.org, і Міжнародны саюз беларускіх пісьменьнікаў, — мы вырашылі, што нельга здавацца. У Коўна сустрэча была пад пагрозай, але ўсё скончылася добра», — пракамэнтаваў інцыдэнт Яраслаў Іванюк.

«З прычынаў бясьпекі» сустрэчу з чытачамі ў Вільні таксама перанесьлі з адной пляцоўкі на іншую. Ўладзімер Арлоў пачаў размову вітаньнем па-беларуску, а потым па-літоўску. Беларусаў пісьменьнік павіншаваў з надыходзячым Днём Волі, а літоўцаў вітаў словамі падзякі Літве. За тое, што прытуліла тысячы беларусаў, якія мусілі ўцячы зь Беларусі ад рэпрэсіяў.

Уладзімер Арлоў

«Я даўно, з студэнцкіх гадоў люблю Літву. Мяне шмат перакладалі на літоўскую мову, я ганаруся, што супрацоўнічаў і супрацоўнічаю зь літоўскімі паэтамі, гісторыкамі. У маім уяўленьні наша агульная гісторыя, эўрапейская гісторыя — гэта магутная зброя ў супрацьстаяньні літоўскага і беларускага народу агрэсіўнай ідэалёгіі рускага сьвету», — сказаў на пачатку сустрэчы Ўладзімер Арлоў.

Пісьменьнік прачытаў больш як гадзінную лекцыю пра барацьбу беларускага народу за незалежнасьць, якую пачаў ад паўстаньня Кастуся Каліноўскага і скончыў падзеямі сакавіка 1918 году.

Таксама падчас сустрэчы Ўладзімер Арлоў чытаў свае вершы, распавядаў гісторыі, зьвязаныя з напісаньнем кніг, а скончыў сустрэчу тым, што прачытаў бадай што сваё самае вядомае эсэ «Незалежнасьць — гэта». Беларусы, які сабраліся паслухаць пісьменьніка, віталі яго воклічамі «Брава!» і «Жыве Беларусь!»

На сустрэчы таксама выступіў прафэсар з Каўнаскага ўнівэрсытэту Русьціс Камунтавічус. Уладзімера Арлова літовец назваў легендай, кнігі якога «заўсёды прапаноўваў для чытаньня сваім студэнтам».

Выступае Русціс Камунтавічус (у цэнтры)

«Мне ня вельмі прыемна, што такое адбываецца ў нас у Літве», — сказаў Русьціс Камунтавічус пра інцыдэнт, які прывёў да зьмены месца правядзеньня сустрэчы з Уладзімерам Арловым у Коўне.

«Думаю, мы з гэтага выйдзем. І я не адзін, хто так думае. Мне, як літоўцу вельмі важна, каб паміж намі ўсё было добра», — сказаў прафэсар Камунтавічус і таксама павіншаваў беларусаў з 25 сакавіка.

Уладзімер Арлоў падкрэсьліў, што ў ягоных гістарычных кнігах вядзецца пра час, калі Вялікае Княства Літоўскае было агульнай краінай як для цяперашніх літоўцаў, гэтак і для цяперашніх беларусаў, але ў той час нацый яшчэ не было.

«Ніколі я ня ставіў пад сумнеў, чый горад Вільня. І ня трэба прыпісваць таго, чаго няма, майму суаўтару. Давайце будзем шукаць паразуменьня і не казаць, што гэта толькі наша. Гэта агульнае. А нацыі сфармаваліся толькі ў XIX стагодзьдзі», — даводзіў Уладзімер Арлоў.

Дыскусія скончылася хутка пасьля таго, як адзін зь літоўскіх гасьцей заклікаў палітыкаў з абодвух бакоў выказвацца вельмі асьцярожна, каб не нашкодзіць «беларусам, якія жывуць у Літве».