Расея выслала гішпанскага журналіста за публікацыі аб акцыях жонак вайскоўцаў

Акцыя пратэсту жонак расейсіх салдат, мабілізаваных на вайну ва Ўкраіне. Ілюстрацыйнае фота

Адмова ў падаўжэньні візы — звычайны інструмэнт аўтарытарных рэжымаў, які выкарыстоўваюць для падрыву свабоды слова і папярэджаньня міжнароднага рэзанансу аб падзеях у краіне, напісала выданьне El Mundo.

Расейскія ўлады не падоўжылі візу карэспандэнту гішпанскай газэты El Mundo Хаўеру Коласу і абавязалі яго выехаць з расейскай тэрыторыі за 24 гадзіны.

Як паведаміла гішпанскае выданьне, яму пагражалі праблемамі, калі ён адмовіцца выехаць пасьля заканчэньня візы. Журналіст ужо пакінуў Расею.

«Цяжка раптам укласьці 12 гадоў свайго жыцьця ў тры чамаданы за адну ноч і зачыніць дзьверы, ведаючы, што на наступны дзень гэтая кватэра стане для цябе забароненай тэрыторыяй. Мы, карэспандэнты, знаходзімся там, дзе нам дазваляюць быць, але нікому не дазваляем указваць нам, што казаць і што не казаць», — сказаў Хаўер Колас.

У публікацыі El Mundo нагадалі, што цяпер дзейнасьць замежных журналістаў у Расеі больш складаная. Дадому да Коласа прыходзіла паліцыя і папярэджвала, каб ён больш не пісаў пра акцыі жонак вайскоўцаў з патрабаваньнем мабілізацыі. Газэта называла гэтыя пратэсты «адной зь нешматлікіх бачных прыкметаў незадавальненьня вайной».

Адмова ў падаўжэньні візы — звычайны інструмэнт аўтарытарных рэжымаў, які выкарыстоўваюць для падрыву свабоды слова і папярэджаньня міжнароднага рэзанансу аб падзеях у краіне, напісала выданьне El Mundo.

Пасьля поўнамаштабнага ваеннага ўварваньня Расеі ва Ўкраіне цэнзура і ціск на журналістаў узмацніліся. Шмат СМІ вымушана перанесьлі свае офісы за межы Расеі, іншыя спынілі працу або адмовіліся ад публікацый пра вайну, каб ня трапіць пад крымінальны перасьлед.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Расеі яшчэ на тры месяцы падоўжылі арышт амэрыканскага журналіста Эвана Гершковіча

У сакавіку 2023 году ў Екацярынбурзе затрымалі карэспандэнта The Wall Street Journal Эвана Гершковіча, які па вэрсіі ФСБ Расеі, зьбіраў зьвесткі аб прадпрыемстве расейскага вайскова-прамысловага комплексу, якія зьяўляліся дзяржаўнай таямніцай. Гершковіч не прызнае сваёй віны. Ён дагэтуль знаходзіцца ў маскоўскім СІЗА па абвінавачаньні ў шпіянажы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд у Расеі падоўжыў арышт журналісткі Радыё Свабода Алсу Курмашавай да 5 красавіка