У Менску пачынаецца завочны суд за «зрыў рэспубліканскага рэфэрэндуму ў 2022 годзе»

Зьверху Алена Жываглод, зьнізу зьлева направа Павел Лібер, Аляксандр Дабравольскі, Павел Марыніч. Каляж

У матэрыялах справы адзначаецца, што на адрас чальцоў ЦВК і камісій па рэфэрэндуме накіравалі не менш за 11 тысяч лістоў з пагрозамі.

У Менску пачынаецца завочны суд за «зрыў рэспубліканскага рэфэрэндуму ў 2022 годзе»

У судзе Заводзкага раёну Менску 12 сакавіка ў працэсе спэцыяльнага вядзеньня (гэта значыць завочна) пачынаецца разгляд крымінальнай справы Алены Жылачкінай (Жываглод), Паўла Лібера, Паўла Марыніча і Аляксандра Дабравольскага, якія, паводле абвінавачваньня, нібыта «распрацавалі плян зрыву рэспубліканскага рэфэрэндуму ў 2022 годзе», паведамляе «Вясна».

Усіх чатырох абвінавачваюць паводле ч. 2 арт. 191 КК («перашкода працы Цэнтральнай выбарчай камісіі, а таксама камісіяў па рэфэрэндуме, здзейсьненая з ужываньнем пагрозы і іншым спосабам, групай асобаў з папярэдняй змовы»).

Справу будзе разглядаць судзьдзя Дзьмітрый Лукашэвіч.

Спэцыяльнае вядзеньне распачата Сьледчым камітэтам па ўзгадненьні з генэральным пракурорам Беларусі 27 снежня 2023 году, а ўжо 22 лютага справу перадалі ў суд.

Інстытут «спэцыяльнага вядзеньня» ўвялі ў 2022 годзе. Ён дазваляе весьці крымінальную справу супраць абвінавачанага, які «знаходзіцца за межамі Беларусі і ўхіляецца ад яўкі ў орган, які вядзе крымінальны працэс». Адвакаты і праваабаронцы лічаць, што завочныя суды парушаюць права чалавека на абарону.

Паводле матэрыялаў сьледзтва, фігуранты разам зь іншымі асобамі ў студзені-лютым 2022 году нібыта «ўдзельнічалі ў распрацоўцы і рэалізацыі адзінага пляну супрацьпраўных дзеяньняў для зрыву рэспубліканскага рэфэрэндуму ў пытаньні ўнясеньня зьменаў і дапаўненьняў у Канстытуцыю Беларусі, прызначанага на 27 лютага 2022 году. Згодна з плянам, на месцы працы і жыхарства чальцоў Цэнтральнай выбарчай камісіі і камісіяў па рэфэрэндуме павінны былі накіроўвацца лісты з тэкстам, распрацаваным абвінавачанымі не пазьней за студзень 2022 году».

Адзначаецца, што ў выніку ў адрас чальцоў ЦВК і камісіяў па рэфэрэндуме накіравана не менш за 11 тысяч лістоў з пагрозамі.

Алена Жываглод – кіраўніца ініцыятывы «Сумленныя людзі», Аляксандар Дабравольскі – палітык, старшы дарадца Сьвятланы Ціханоўскай, Павел Лібер стварыў плятформу для галасаваньня «Голас», а Павел Марыніч зьяўляецца кіраўніком «Маланка Мэдыя».

Раней паводле гэтага артыкула сярод іншых судзілі палітвязьняў Сяргея Ціханоўскага, Арцёма Сакава, Дзьмітрыя Папова, Рамана Карпука.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лібера, Жываглод, Дабравольскага і Марыніча будуць завочна судзіць за тое, што «перашкаджалі выбарам»