Рэжысэр фільму пра Марыюпаль, адзначанага «Оскарам», падчас пратэстаў 2020 працаваў у Беларусі і зьняў момант першага забойства

Момант забойства Тарайкоўскага, здымак Мсьціслава Чарнова, 10 жніўня 2020 году, Менск

10 жніўня менавіта ўкраінскі журналіст апублікаваў здымак моманту забойства першага пратэстоўца беларускімі сілавікамі.

Рэжысэр украінскага фільму «20 дзён у Марыюпалі» Мсьціслаў Чарноў працаваў на Associated Press у Беларусі падчас пратэстаў 2020 году. Менавіта ён 10 жніўня зьняў момант забойства Аляксандра Тарайкоўскага — першага пратэстоўца, забітага сілавікамі.

Гэты матэрыял, апублікаваны апэратарам, стаў доказам таго, што Тарайкоўскага менавіта застрэлілі, бо ў МУС сьцьвярджалі, што Аляксандар загінуў ад выбухоўкі, якую нібыта трымаў у руках. Менавіта прозьвішча Чарнова стаіць у подпісе пад фатаздымкам, які распаўсюдзіла Associated Press у ноч трагедыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Год з дня сьмерці Аляксандра Тарайкоўскага. Як гэта было

На фота- і відэаматэрыялах зафіксавана, што Тарайкоўскі проста ішоў з раскінутымі рукамі ў бок сілавікоў у раёне станцыі мэтро «Пушкінская».

Затым улады сталі перасьледаваць кожную спробу ўшанаваць памяць загінулага. Людзей арыштоўвалі за ўскладаньне кветак каля станцыі мэтро «Пушкінская», а значкі ў памяць Аляксандра Тарайкоўскага і яшчэ аднаго забітага сілавікамі — Генадзя Шутава — прызналі «экстрэмісцкімі матэрыяламі».

Фільм пра трагедыю акупаванага Расеяй украінскага гораду Марыюпаль уразіў сусьветную кінэматаграфічную грамадзкасьць. Стужцы прысудзілі прэмію «Оскар» за найлепшы дакумэнтальны фільм. Гэта першая падобная ўзнагарода ў гісторыі Ўкраіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фільм пра трагедыю ўкраінскага Марыюпалю, акупаванага Расеяй, заваяваў «Оскар»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму Лукашэнка дазволіў вайскоўцам ужываць зброю супраць грамадзян. Тлумачэньні юрыста і былога сілавіка