«Безадказная рыторыка». У ЗША адрэагавалі на заяву Пуціна аб магчымым ядзерным канфлікце

Афіцыйны прадстаўнік Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША Мэцью Мілер. Архіўнае фота

«У мінулым мы наўпрост размаўлялі з Расеяй у прыватным парадку аб наступствах прымяненьня ядзернай зброі», — сказаў Мэцью Мілер.

Афіцыйны прадстаўнік Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША Мэцью Мілер назваў выказваньні расейскага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна аб ядзернай зброі безадказнымі і заявіў аб адсутнасьці прыкмет таго, што Расея сапраўды рыхтуецца да яе прымяненьня.

«Гэта не ўпершыню, калі мы бачым безадказную рыторыку Ўладзіміра Пуціна. Гэта ня той спосаб, які мусіць выкарыстоўваць лідэр дзяржавы, якая валодае ядзернай зброяй. У мінулым мы наўпрост размаўлялі з Расеяй у прыватным парадку аб наступствах прымяненьня ядзернай зброі», — сказаў Мэцью Мілер на брыфінгу 29 лютага.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін заявіў аб гатоўнасьці расейскай ядзернай зброі і прыгразіў трагічнымі наступствамі «інтэрвэнтам» з Захаду

29 лютага прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін у штогадовым звароце да Фэдэральнага сходу заявіў, што стратэгічныя ядзерныя сілы знаходзяцца ў стане поўнай гатоўнасьці да выкарыстаньня, а таксама аб узмацненьні расейскага войска сучасным дакладным узбраеньнем, якое неўзабаве прадэманструюць на баявых дзяжурствах у раёнах базаваньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навумчык разьбірае выступ Пуціна і пагрозы для Беларусі. 10 тэзісаў

«У стане поўнай гатоўнасьці да гарантаванага выкарыстаньня знаходзяцца стратэгічныя ядзерныя сілы. Тое, што мы плянавалі ў сфэры ўзбраеньняў — пра што я казаў яшчэ ў пасланьні 2018 году — усё зрабілі або завяршаецца праца», — сказаў Уладзімір Пуцін.