У Гомлі сілавікі выламалі дзьверы ў кватэры палітэмігранткі і ўчынілі ператрус

Мікрааўтобусы сілавікоў. Ілюстрацыйнае фота

Пацярпела кватэра Алы Марціновіч, пішуць праваабаронцы.

Як піша «Вясна», гомельскія сілавікі апублікавалі фота таго, як яны правялі ператрус у кватэры палітычнай эмігранткі. Гаворка пра кватэру псыхоляга Алы Марціновіч.

Паводле праваабаронцаў, сілавікі выламалі дзьверы, раскідалі і зламалі рэчы ў кватэры.

Аўтары канала падпісалі ролік «Кватэрнае пытаньне з ГУБАЗіК». У роліку паказваюць, як сілавікі ламаюць дзьверы пры дапамозе адмысловай прылады і кавадлы. Затым ідзе нарэзка кадраў з інтэр'ерам кватэры ў бела-чырвоных колерах, пасьля – фатаграфіі беспарадку, які зрабілі сілавікі праводзячы ператрус.

Ала Марціновіч была вымушана пакінуць Беларусь з прычыны палітычнага перасьледу. Марціновіч вядзе свой ютуб-канал, дзе выступае супраць магчымага ўдзелу беларусаў у вайне Расеі ва Ўкраіне. У 2022 годзе сілавікі затрымалі яе дачку Ксенію, піша Mediazona.by.

Раней ГУБАЗіК публікаваў відэа пасьля ператрусаў у кватэрах рэдактаркі «Карателей Беларуси» і ютуб-канала «Дзікае паляваньне» Яніны Сазановіч, грамадзкага дзеяча Вадзіма Пракоп’ева, блогера Андрэя Павука, прадстаўніцы «Кібэрпартызанаў» Юльляны Шаметавец, прэс-сакратаркі палка імя Каліноўскага Крысьціны «Чабор» і яе мужа, а таксама маці загінулага каліноўца Паўла «Волата».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ГУБАЗіК разграміў кватэру маці загінулага каліноўца Паўла «Волата»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ГУБАЗіК правёў ператрус у кватэры адміністратаркі ТГ-каналу «Карнікі Беларусі»