У ВНУ Беларусі плянуюць вывучаць гісторыю «саюзнай дзяржавы». Вучэбны дапаможнік ужо падрыхтавалі

Вучэбны дапаможнік па гісторыі «саюзнай дзяржавы». Фота НАН Беларусі

Дапаможнік для вышэйшых навучальных устаноў перадалі ў Цэнтральную навуковую бібліятэку НАН Беларусі.

Акадэмічныя і ўнівэрсытэцкія цэнтры Беларусі і Расеі стварылі і выдалі першы вучэбны дапаможнік па гісторыі «саюзнай дзяржавы».

Як паведамілі ў тэлеграм-канале Нацыянальнай акадэміі навук (НАН) Беларусі, дапаможнік для вышэйшых навучальных устаноў перадалі ў Цэнтральную навуковую бібліятэку НАН Беларусі.

Над выданьнем працавалі прадстаўнікі гістарычнага факультэту Маскоўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, Інстытуту гісторыі НАН Беларусі, Акадэміі кіраваньня і гістарычнага факультэту Белдзяржунівэрсытэту.

«Выданьне ажыцьцявілі пры непасрэдным удзеле і ініцыятыўнай падтрымцы Фэдэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі беларусаў Расеі», — адзначаецца ў паведамленьні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Амбасадар Круты: Беларусь і Расея заявілі пра намер аб'яднаць сьпісы «экстрэмістаў» і «экстрэмісцкіх рэсурсаў»

Што вядома пра аўтаномію беларусаў у Расеі

Фэдэральная нацыянальна-культурная аўтаномія беларусаў Расеі створана ў 1999 годзе. Яе першым кіраўніком быў Францішак Каўрыга.

Цяпер арганізацыю ўзначальвае Сяргей Кандыбовіч. Яму 64 гады, нарадзіўся ў Менску. Расейскі навуковец, мае званьне доктара псыхалягічных навук. Асноўная сфэра навуковых інтарэсаў — вайсковая псыхалёгія і псыхалёгія міжнацыянальных дачыненьняў. Сяргей Кандыбовіч мае званьне палкоўніка — ён скончыў Менскае вышэйшае вайсковае інжынэрнае радыётэхнічнае вучылішча і да 1991 году працаваў у ім начальнікам катэдры. У 1991 годзе звольніўся ў запас, цяпер ён ганаровы навуковец Вайсковай акадэміі Беларусі.

Пасьля анэксіі Расеяй Крыму і часткі Луганскай і Данецкай абласьцей да гэтай арганізацыі далучыліся беларускія дыяспары, якія пачыналі дзейнічаць паводле ўкраінскага заканадаўства. Цяпер яны актыўна ўдзельнічаюць у розных грамадзкіх праектах падтрымкі ўдзельнікаў «спэцыяльнай ваеннай апэрацыі». Вядома, напрыклад, што ў канцы кастрычніка 2023 году старшыня арганізацыі «Беларусы Крыму» Раман Чагрынец падпісаў адпаведную дамову зь дзяржаўным расейскім фондам «Абаронцы Айчыны».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Праз «саюзную дзяржаву» Расея зможа мабілізоўваць беларусаў, — аналітык ISW