У МЗС Літвы прапанавалі ўраду скасаваць гандлёвыя дамовы зь Беларусьсю і Расеяй

Міністар замежных спраў Літвы Габрыелюс Ландсбергіс, архіўнае фота

Літоўскія дыпляматы перакананыя, што «ва ўмовах ваеннай агрэсіі Расеі і Беларусі супраць Украіны» супраца зь імі павінна быць цалкам спыненая, а дамовы дэнансаваныя.

Міністэрства замежных спраў Літвы прапанавала ўраду скасаваць дамовы аб гандлёва-эканамічнай супрацы, падпісаныя зь Беларусьсю і Расеяй два дзесяцігодзьдзі таму.

Як паведаміла літоўскае выданьне LRT, у МЗС падрыхтавалі і апублікавалі адпаведныя пастановы.

Літоўскія дыпляматы перакананыя, што «ва ўмовах ваеннай агрэсіі Расеі і Беларусі супраць Украіны» супраца зь імі павінна быць цалкам спыненая, а дамовы дэнансаваныя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Краіны Балтыі ўручылі ноты пратэсту расейскім паслам пасьля інфармацыі пра вышук высокапастаўленых палітыкаў

«Пасьля ўхваленьня праектаў пастаноў аб дэнансацыі ўрад Расейскай Фэдэрацыі і, адпаведна, Рэспублікі Беларусі будуць праінфармаваныя аб рашэньні пра скасаваньне дамоваў па дыпляматычных каналах», — адзначаецца ў паведамленьні МЗС.

У МЗС Літвы не прагназуюць ніякіх нэгатыўных наступстваў у выніку такіх дзеяньняў.

Літва падпісала дамову зь Беларусьсю ў сьнежні 1994 году, а з Расеяй — у лістападзе 1993 году. У рамках гэтых дакумэнтаў стварылі двухбаковыя камісіі, якія не праводзілі сваіх пасяджэньняў з 2015 году зь Беларусьсю, і з 2011 году — з Расеяй.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Інгрыда Шыманіце: «Стаўленьне да беларусаў не зьмянілася»