Улады Чарнігава прапанавалі назваць вуліцу і завулак у гонар Кастуся Каліноўскага

Кастусь Каліноўскі, каляж

Вуліца і завулак Кастуся Каліноўскага могуць неўзабаве зьявіцца ва ўкраінскім Чарнігаве, вынікае з праекту рашэньня гарадзкой рады.

Згодна з праектам, усяго перайменаваць хочуць 24 вуліцы і завулкі. Імя Кастуся Каліноўскага плянуецца прысвоіць вуліцы і завулку, якія цяпер названыя ў гонар Героя Савецкага Саюза Сяргея Сьмірнова.

Таксама перайменаваць плянуюць вуліцы, названыя ў Матросава, Мічурына, Разіна, Талстога, Тургенева, Чкалава і іншых вядомых расейцаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Замест Беларускай, Менскай, Берасьцейскай ва Ўкраіне зьявіліся вуліцы Каліноўскага, Жызьнеўскага, Скоблі і «Літвіна»

З пачатку расейскага ваеннага ўварваньня, якое падтрымала кіраўніцтва Беларусі, ва Ўкраіне ва ўсіх населеных пунктах адбываецца замена беларускай і расейскай тапанімікі, створанай яшчэ ў савецкія часы.

У той жа час ва ўкраінскіх гарадах пачалі зьяўляцца вуліцы ў гонар беларусаў, якія загінулі ва Ўкраіне, а таксама беларускага нацыянальнага героя Кастуся Каліноўскага (1838–1864), першага беларускага рэвалюцыянэра.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне назавуць вуліцу ў гонар Міраслава Лазоўскага, які летась загінуў у Бахмуце
  • 1 лютага стала вядома, што ўлады Роўна вырашылі назваць адну з гарадзкіх вуліц у гонар беларускага добраахвотніка Міраслава Лазоўскага, які загінуў у траўні 2023 году ў баі пад Бахмутам.
  • На мінулым тыдні стала вядома, што з просьбай назваць адну з цэнтральных вуліц Львова ў гонар Кастуся Каліноўскага да ўладаў украінскага горада зьвярнуліся арганізацыі «Беларускі інфармацыйны цэнтар у Львове» і «Заходні інфармацыйны фронт».
  • Батальён імя Кастуся Каліноўскага быў створаны 9 сакавіка 2022 году, 26 сакавіка ён увайшоў у склад Узброеных Сіл Украіны. У Беларусі па факце стварэньня палка Каліноўскага завялі крымінальную справу, ён прызнаны «экстрэмісцкім фарміраваньнем».
  • Афіцыйная беларуская прапаганда апошнім часам прадстаўляе беларускага нацыянальнага героя, аднаго з кіраўнікоў антырасейскага паўстаньня 1863 году як «польскага тэрарыста».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Жытоміры вуліцу Беларускую перайменавалі ў гонар палка імя Кастуся Каліноўскага
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пад Кіевам усталявалі памятную шыльду ў гонар загінулага каліноўца Аляксея Скоблі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вуліцы мікрараёна ў Горадні вырашылі назваць у гонар гарадоў-пабрацімаў, большасьць зь іх — расейскія