Выручка Суэцкага каналу з прычыны атак хусітаў абрынулася амаль удвая

На Суэцкім канале, архіўнае фота

Ваенныя дзеяньні ў рэгіёне вельмі моцна руйнуюць эканоміку.

Па выніках студзеня выручка Суэцкага каналу была роўная ўсяго 428 млн даляраў. Кіраўнік упраўленьня каналу Ўсама Рабія заявіў, што летась гэты паказьнік складаў 804 млн даляраў, паведамляе Bloomberg.

У выніку даходы каналу ад грузаперавозак у першы месяц году скараціліся амаль на 47%.

Падзеньне грузаперавозак праз Суэцкі канал зьвязана з нападамі емэнскіх хусітаў на гандлёвыя судны ў Чырвоным моры. У канцы 2023 году аб’ём грузаперавозак па канале скараціўся на 28%, а за першыя 11 дзён студзеня даходы Суэцкага каналу, які злучае Міжземнае і Чырвонае мора, упалі на 40% у параўнаньні з аналягічным леташнім паказьнікам.

Паводле ацэнкі ААН, грузаперавозкі праз Суэцкі канал за два месяцы нападаў хусітаў на судны ў Чырвоным моры ўпалі на 45%. А колькасьць суднаў зьнізілася на 39%.

Акрамя таго, напады хусітаў на гандлёвыя судны ў Чырвоным моры падштурхнулі лягістычныя кампаніі прапаноўваць кліентам новыя наземныя маршруты праз ААЭ і Саудаўскую Арабію.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хто такія емэнскія хусіты і чаму іх атакуюць?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША ствараюць кааліцыю для барацьбы з пагрозай хусітаў на моры. Празь іх атакі нафта падаражэла на 2%