МАГАТЭ зноў паведаміла пра міны вакол Запароскай АЭС

Інспэктары Міжнароднага агенцтва па атамнай энэргіі (МАГАТЭ) знайшлі міны ў буфэрнай зоне на мяжы Запароскай АЭС, якія прыбралі адтуль у лістападзе 2023 году.

Экспэрты МАГАТЭ зноў выявілі супрацьпяхотныя міны, усталяваныя ў буфэрнай зоне паміж унутранай і вонкавай агароджай па пэрымэтры Запароскай атамнай электрастанцыі, захопленай расейскімі вайскоўцамі. Пра гэта гаворыцца ў справаздачы МАГАТЭ, піша DW.

У папярэдні раз інспэктары МАГАТЭ знайшлі міны на пэрыфэрыі станцыі ў ліпені 2023 году — тады выбухоўка была закладзеная ў закрытай зоне, недаступнай для апэратыўнага пэрсаналу АЭС. «Наяўнасьць такой выбухоўкі на аб’екце супярэчыць стандартам бясьпекі МАГАТЭ і кіраўніцтвам па ядзернай бясьпецы і стварае дадатковы псыхалягічны ціск на пэрсанал станцыі», — падкрэсьлілі тады ў агенцтве, дадаўшы, што выбух гэтых мінаў не павінен паўплываць на сыстэмы ядзернай бясьпекі АЭС.

У лістападзе 2023 годe міны прыбралі. Цяпер яны зьявіліся зноў. З чым гэта зьвязана, не паведамляецца. Гендырэктар МАГАТЭ Рафаэль Гросі падкрэсьліў, што наяўнасьць мінаў не адпавядае стандартам бясьпекі агенцтва.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Экспэрты МАГАТЭ не атрымалі доступу ў рэактарныя залі трох энэргаблёкаў акупаваанай Расеяй Запароскай АЭС

Паводле зьвестак МАГАТЭ, напярэдадні зьнікла сілкаваньне двух рэзэрвовых сілавых электрычных трансфарматараў ЗАЭС, што падкрэсьліла «ўразьлівасьць», якая захоўваецца, у наяўнасьці зьнешняй крыніцы энэргіі, неабходнай для ахаладжэньня рэактараў і для іншых важных функцый ядзернай бясьпекі. Рэзэрвовае электразабесьпячэньне аднавілі праз 8 гадзін, супрацоўнікі ЗАЭС высьвятляюць прычыну аварыі, указваючы, што не было зьнешняга пашкоджаньня трансфарматара.

«Уразmлівы энэргетычны статус станцыі застаецца адной з галоўных пагрозаў для ядзернай бясьпекі на пляцоўцы. Сытуацыя застаецца вельмі трывожнай. Са жніўня 2022 году на абʼекце ўжо восем разоў адключалася зьнешняе электразабесьпячэньне, што вымусіла яго спадзявацца на аварыйныя дызэль-генэратары», — расказаў Гросі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МАГАТЭ зафіксавала запуск расейскіх ракет паблізу Запароскай АЭС і страту сувязі станцыі з асноўнай лініяй электраперадач