Доля беларускіх гараджан, якія выступаюць за саюз з Расеяй, за год вырасла на 6%, за саюз з Эўразьвязам —упала на 5%,— дасьледаваньне

Ілюстрацыйнае фота

Доля гараджан — прыхільнікаў саюзу з Расеяй за год павялічылася на 6 працэнтных пунктаў — з 37 да 43%, сьведчаць вынікі дасьледаваньня «Беларуская нацыянальная ідэнтычнасьць у 2023 годзе», праведзенага сацыёлягамі Філіпам Біканавым і Канстанцінам Несьцяровічам пры падтрымцы фонду Фрыдрыха Эбэрта, піша «Позірк».

У дасьледаваньні ўдзельнічалі 1205 жыхароў беларускіх гарадоў, дзе пражывае ад 20 тысяч чалавек, ва ўзросьце 18–65 гадоў. Зьвесткі зьбіралі 2–5 лістапада мэтадам анлайн-апытаньня.

Жаданьне рэспандэнтаў, каб Беларусь арыентавалася на саюз з Расеяй, праяўляецца сярод іншага «ў падтрымцы інтэграцыі і сымпатыях да Расеі ў цяперашняй вайне» з Украінай, адзначылі аўтары дасьледаваньня.

«Такія ўстаноўкі зьвязаныя з распаўсюджанасьцю расейска-савецкіх асаблівасьцяў ідэнтычнасьці, грае ролю і ўспрымальнасьць да прапаганды», — адзначае калектыў сацыёлягаў.

Праўда, на ўзроўні канкрэтных крокаў прарасейскія сымпатыі выяўляюцца «дастаткова ўмеранымі». «Пад інтэграцыяй яе прыхільнікі маюць на ўвазе хутчэй міждзяржаўнае супрацоўніцтва, а не зьліцьцё ключавых дзяржаўных інстытутаў. Галоўным чынам гаворка ідзе пра навуку і тэхналёгіі, візавую палітыку і іншыя сфэры, дзе ў Расеі і Беларусі ўжо дастаткова шчыльныя стасункі», — патлумачыў калектыў сацыёлягаў.

Назіраецца дыстанцыяваньне ад Расеі ў культурным пляне. Большасьць апытаных, у тым ліку тых, хто настроены па-прарасейску, лічыць, што расейцы, якія прыяжджаюць у Беларусь, павінны пераймаць мясцовую культуру і лад жыцьця гэтак жа, як і людзі, што прыбываюць зь іншых краін.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Больш як палова беларусаў падтрымлівае інтэграцыю з Расеяй, — апытаньне

«Нэўтралітэт і адасобленасьць» асабліва выяўляюцца ў дачыненьні да расейска-ўкраінскай вайны. Большасьць апытаных «ня сочаць за ёй уважліва», а каля траціны «не падтрымлівае ніводзін з бакоў» або ня мае меркаваньня на гэты конт. Гэта, на думку сацыёлягаў, «шмат у чым зьвязана з моцнай нагружанасьцю ваеннай тэмы нэгатыўнымі эмоцыямі».

У той жа час удзельнікі апытаньня «ня толькі не падтрымліваюць» уступленьне Беларусі ў вайну, але і «схільныя выступаць за наладжваньне сяброўскіх стасункаў» з Украінай у сфэры гандлю, дыпляматыі, работы памежных службаў.

Найменш распаўсюджаны праэўрапейскі вэктар і прамая падтрымка Ўкраіны ў вайне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Беларусы ня хочуць ваяваць супраць Украіны, але ў стаўленьні да вайны падзеленыя напалам. Вынікі апошняга апытаньня Chatham House

Нават сярод праціўнікаў улады арыентацыю на Эўразьвяз падтрымлівае толькі палова. У цэлым за геапалітычны саюз з Эўразьвязам выказалася 10% апытаных (годам раней — 15%).

Беларускія гараджане ў цэлым горш ставяцца да ўладаў краін Захаду, чым да іх калегаў з Расеі, Кітаю, Казахстану. Напрыклад, кіраўніцтва Расеі станоўча ўспрымае 51% рэспандэнтаў, а Польшчы — 2%.

У той жа час да жыхароў Расеі станоўча ставіцца 81% апытаных, Казахстану — 73%, Кітаю — 72%, Польшчы — 39%, Літвы — 38%, ЗША — 33%.

Аўтары дасьледаваньня адзначаюць, што долі рэспандэнтаў з пазытыўным і нэгатыўным стаўленьнем да ўладаў Польшчы, Літвы і Латвіі «прыкладна аднолькавыя». Такія паказчыкі могуць сьведчыць «пра дастаткова моцную прыязнасьць беларусаў» да заходніх суседзяў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

35% палякаў ставяцца да беларусаў пазытыўна, 36% — абыякава: вынікі апытаньня

Да жыхароў Украіны пазытыўна ставіцца 48% апытаных, да кіраўніцтва гэтай краіны стаўленьне хутчэй нэгатыўнае.

Найгоршае стаўленьне ў параўнаньні з астатнімі краінамі ў беларускіх гараджан да ЗША — як да жыхароў, так і да кіраўніцтва.

Беларусы прыкладна аднолькава пазытыўна ставяцца да Армэніі і Азэрбайджану, якія канфліктуюць паміж сабой, нязначная перавага ў Баку. Станоўчае стаўленьне да жыхароў Армэніі выказалі 60% апытаных, Азэрбайджану — 62%, кіраўніцтва гэтых краін — 26% і 28% адпаведна.

Аўтары дасьледаваньня адзначаюць, што «сёньня апытаньні на палітычную тэматыку ў Беларусі схільныя да рызыкі скажэньняў, паколькі людзі могуць баяцца выказваць свае меркаваньні і расказваць пра дзеяньні, якія цягнуць за сабою перасьлед з боку дзяржавы».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ці варта давяраць сацыялёгіі ва ўмовах дыктатуры? Дыскусія экспэртаў